Лукашэнка: Мы будзем для ААН надзейнай апорай



Беларусь заўсёды будзе надзейнай апорай для Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 лютага на сустрэчы ў Менску з першым намеснікам генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед.

„Мы будзем для вас, для ўсіх нас — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — надзейнай апорай. У гэтым вы павінны быць упэўненыя. Не толькі таму, што я асабіста вельмі паважаю цяперашняга генсакратара, не толькі таму, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта тая пляцоўка, дзе мы можам адкрыта казаць пра нашы праблемы. Але яшчэ і таму, што вы, мы ўсе нацэленыя на ліквідацыю нераўнамернага развіцця, на ліквідацыю беднасці, стварэнне сапраўднага шматпалярнага свету”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён выказаў надзею, што „калі-небудзь гэты шматпалярны свет будзе прадстаўлены не 3-5 дзяржавамі, а ўсімі краінамі свету”. „Кожны чалавек на планеце мае права быць у цэнтры гэтага шматпалярнага свету. У вырашэнні гэтых складаных праблем сучаснасці Еўропа абавязаная сыграць сваю ключавую ролю”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка вітаў правядзенне ў Менску Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па мэтах устойлівага развіцця (МУР). Паводле яго слоў, гэта дазволіць абмеркаваць асноўны напрамак дзейнасці ўсіх краін ААН на бліжэйшую перспектыву — пытанні выканання парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. „Менавіта гэта найважнейшы кірунак нашай дзейнасці, і вы як прадстаўнік кантынента, які найбольш развіваецца, разумееце гэта больш, чым хто-небудзь”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

„Я не стану казаць пра тое, што мы зрабілі ў Беларусі для таго, каб заслужыць гэтую сустрэчу, каб даказаць нашу прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця. Вы гэта ўжо, напэўна, добра ведаеце, ды і нашы калегі вам пра гэта раскажуць. Мы цвёрда адданыя гэтай ідэі, як і вы, таму што ўпэўненыя ў тым, што прычынай непарадку, у тым ліку самай вялікай праблемы — тэрарызму, з’яўляецца менавіта нераўнамернае развіццё дзяржаў, што спараджае перш за ўсё беднасць. Мы прытрымліваемся той формулы, што дай чалавеку працу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

БелаПАН