Лукашэнка: Мы будзем сябраваць і працаваць з Еўропай, але Расея для нас — святое



Беларусь заўсёды будзе ісці насустрач інтарэсам еўрапейскіх дзяржаў, калі яе не будуць ставіць перад выбарам, з кім яна — з Расеяй ці Еўразвязам. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў 24 лістапада падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласці, паведамляе інфармагенцтва БелТА.

Паводле слоў Лукашэнкі, у рэгіёне Усходняй Еўропы і свеце ў цэлым шмат пытанняў, звязаных з бяспекай, дзе Беларусь „адыгрывае і здольная адыграць яшчэ вялікую ролю”.

„Таму сёння Беларусь — ціхая, спакойная, годная краіна, свайго роду спонсар бяспекі на Еўрапейскім кантыненце — запатрабаваная ў самой Еўропе. Мы гэта бачым, мы гэта чуем, мы гэта цэнім і заўсёды будзем ісці насустрач інтарэсам еўрапейскіх дзяржаў, калі перад намі не будуць ставіць пытанне (як гэта было раней, цяпер ужо няма): вы з Расеяй ці вы з Еўропай? Я на такія пытанні нават не адказваю”, — падкрэсліў ён.

Гаворачы аб адносінах з Расеяй, Лукашэнка заявіў, што там жывуць „нашы родныя браты”. „Добрыя яны, не вельмі, дрэнныя — братоў не выбіраюць. Мы, можа, таксама чымсьці ім не падабаемся. Але мы родныя. Таму перад намі не трэба ставіць гэтыя пытанні: вы з кім? Мы будуць сябраваць і працаваць з Еўропай, але Расея для нас — святое”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамляў БелаПАН, 16 лістапада на пасяджэнні круглага стала ў рамках XV Мінскага форуму кіраўнік дэпартамента Расеі, Беларусі, Малдовы і Усходняга партнёрства МЗС Германіі Ханс-Петэр Хінрыхсен заявіў, што ніхто ў Еўрасаюзе не мае намеру ставіць Беларусь перад выбарам паміж ЕЗ і Расеяй.

„Заўсёды, калі гаворка заходзіць пра Усходняе партнёрства, у кагосьці ўзнікае думка пра тое, што ўся справа ў геапалітыцы. Але нам зусім не хочацца перацягнуць Беларусь на бок Захаду. Мы не імкнемся да таго, каб Беларусь паляпшала адносіны з ЕЗ за кошт пагаршэння адносін з Расеяй. Мы хочам, каб у Беларусі былі добрыя адносіны з партнёрамі і на Захадзе, і на Усходзе”, — падкрэсліў нямецкі чыноўнік.

belapan.com