Візіт дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа ў Беларусь (абноўлена)



У першыя хвіліны сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа беларускі кіраўнік пахваліў амерыканскага чыноўніка за тое, што „ён рызыкнуў прыехаць у Беларусь і паглядзець, што тут за дыктатура”.

Лукашэнка сказаў, што з дзяржсакратаром ЗША ён знаёмы даўно, хоць і завочна. Маўляў, калі Пампеа быў дырэктарам ЦРУ, то амерыканцы сумесна з беларусамі правялі некалькі аперацый супраць незаконных паставак на Захад элементаў ядзернага ўзбраення.

Лукашэнка заявіў, што гатовы абмяркоўваць з дзяржсакратаром ЗША любыя пытанні:

– Я гатовы, спадар дзяржаўны сакратар, абмеркаваць усе пытанні, якія сёння на парадку дня нашых адносін, а таксама шчыра адказаць на ўсе пытанні, якія сёння так ці іначай існуюць у істэблішменце Злучаных Штатаў Амерыкі. Вы павінны ведаць, што вы прыехалі ў нармальную краіну, дзе жыве нармальны народ, народ і краіна, якія гатовыя працаваць на стабільнасць і мір прынамсі ў гэтым рэгіёне.

Майкл Пампеа ў сваю чаргу сказаў, што пазітыўна ацэньвае супрацу ЗША і Беларусі ў сферы супрацьдзеяння тэрарызму. Ён таксама дадаў, што ЗША надае вялікую ўвагу выкананню правоў чалавека ў Беларусі, „у нас ёсць заклапочанасць па гэтым пытанні”, але ў ЗША спадзяюцца, што разам можна дасягнуць прагрэсу ў вырашэнні праблем у гэтай сферы.

У Беларусі зроблены значны прагрэс у сферы дэмакратыі, адзначыў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майкл Пампеа па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе БелаПАН.

Разам з тым амерыканскі чыноўнік падкрэсліў, што для ЗША прыярытэтам ва ўсім свеце з’яўляюцца правы чалавека, моцная грамадзянская супольнасць і свабода прэсы. „Далейшы прагрэс у гэтых і іншых пытаннях — адзіны спосаб зняць санкцыі”, — заявіў ён.

Паводле яго слоў, ЗША спадзяюцца на тое, што Беларусь „прыме больш жорсткія стандарты па барацьбе з гандлем людзьмі”, а таксама „зробіць больш у адносінах да свабоды веравызнання”. „У той час калі антысемітызм падымае сваю новую выродлівую галаву (гэта, на жаль, адбываецца і ў Еўропе, і ў ЗША), мы вітаем рашучасць Беларусі не дапусціць паўтарэння гісторыі ў гэтым плане”, — падкрэсліў дзяржсакратар Злучаных Штатаў.

Пампеа нагадаў, што ЗША былі аднымі з першых, хто прызнаў незалежнасць Беларусі ў 1991 годзе, і „да гэтага часу застаюцца на той жа пазіцыі”. „Мы цалкам падтрымліваем жаданне Беларусі рабіць свой уласны выбар і іграць канструктыўную ролю ў рэгіёне, — сказаў ён. — Вы не павінны паддавацца нейкі сіле, [павінны] вызначыць свае ўласныя прыярытэты і тое, што будзе лепш за ўсё для вас і для нашых узаемаадносінаў”.

Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі таксама выказаў надзею на тое, што ў хуткім часе ўрадавыя органы дзвюх краін пашыраць супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння бяспекі межаў, кібербяспекі і барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў. Ён адзначыў, што з гэтымі мэтамі ўрад Беларусі раней падпісаў дагаворы з Міністэрствам абароны ЗША, ФБР і Агенцтвам па барацьбе з гандлем наркотыкамі.

Кажучы пра паляпшэнне эканамічных адносінаў, Пампеа падкрэсліў, што краінам „неабходна пераадолець некаторыя перашкоды, якія не даюць магчымасці амерыканскім прадпрыемствам з лёгкасцю выходзіць на беларускі рынак”. „Уступленне ў СГА, больш актыўнае развіццё прыватнага сектара, а таксама прававая і рэгуляцыйныя рэформы дапамогуць Беларусі раскрыць свой гандлёвы патэнцыял”, — заявіў дзяржсакратар ЗША.

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Майкл Пампеа пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам наведаў Парк высокіх тэхналогій, перадае БелТА.

Высокага госця сустракалі кіраўнікі ПВТ і найбольш буйных, паспяховых кампаній-рэзідэнтаў, якія працуюць у Беларусі і якія выконваюць замовы для ЗША. Некаторыя з дырэктараў і ўладальнікаў кампаній прыехалі ў Мінск з розных краін свету спецыяльна дзеля мерапрыемства ў ПВТ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by