Лукашэнка: Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне
Аляксандр Лукашэнка, падчас прызначэння новага ўрада 18 жніўня, адрэагаваў на каментарыі ў СМІ і інтэрнэце пра стасункі з Расеяй і знешнюю палітыку краіны.
„Некаторыя, асабліва расейцы,” плявузгаюць”, інакш не скажаш: „Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну”. Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго гэтак жа ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся пра нашы ўзаемаадносіны. У нас самыя прасунутыя адносіны — у саюзе Беларусі і Расеі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створана пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
„Але што мы хочам ад Расеі? Калі Расея падпісала з Беларуссю дагавор, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта бездакорна выконвалася, — заявіў ён. — І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ні адной краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: „Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расеі і Беларусь туды скінуць”.
„Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расеяй і вырашаць нашы агульныя задачы без аніякіх праблем. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна, мы ад аднаго кораня — беларусы, расейцы і ўкраінцы”, — лічыць Лукашэнка.
„Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расеяй, — канфлікт гэты. Нам гэта не трэба. І Расеі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў 1 тыс. км з усходу на захад — гэта Беларусь. Расея мае патрэбу ў стабільнай Беларусі”, — заявіў ён.
Ён таксама адзначыў, што Расея баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка развярнулася на Захад. „Ды нікуды мы не разварочваліся і разварочвацца не збіраемся. Наш лёс вызначаны Госпадам — быць тут, у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мостам паміж Усходам і Захадам”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік заявіў, што ў Беларусі „бліскучыя адносіны” не толькі з Расеяй, але і, напрыклад, з КНР. „Захад — гэта наш сусед. Суседзяў не выбіраюць. І мы павінны з імі выбудоўваць добрыя адносіны. Там тэхналогіі. Там ёсць свабодныя інвестыцыі, што яны і ажыццяўляюць у Беларусі. Тое ж самае — КНР. Цяпер з магутнай Індыяй выбудоўваем адносіны, яны інвестуюць сюды”, — працягнуў ён.
„І потым, калі некаторыя расіяне нас увесь час папракаюць, што мы з Захадам размаўляем, дык, я думаю, трэба на сябе паглядзець. Напэўна, больш, чым Расея, ніхто не імкнецца на Захад ці наладзіць адносіны з Захадам і з Амерыкай. Дык у чым вы нас папракаеце?” — задаў пытанне афіцыйны лідар.
„Таму быць беларуска-расейскім адносінам на самым высокім узроўні”, — заявіў ён.
„Мы ніколі не будзем разбураць ні адно інтэграцыйнае аб’яднанне. Выбачайце за нясціпласць, я з’яўляўся ініцыятарам шматлікіх гэтых інтэграцыйных аб’яднанняў, яшчэ пачынаючы з часоў Ельцына, і адмаўляцца ад гэтага я не маю намеру. Але калі нас штурхаюць нагамі, мы вымушаны адказваць”, — дадаў Лукашэнка.