Лукашэнка: Мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі пастаўкі нафты
„Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй”, — заявіў Лукашэнка 3 сакавіка на нарадзе па нафтаперапрацоўчым комплексе. Пры гэтым ён дадаў: „Мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты”.
„Не думайце, што я намякаю тут толькі на Расею — гэта стала нормай для дзяржаў планеты, якія маюць ад Госпада такое шчасце”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
„На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязацельствы, такая практыка стала прымяняцца і ў дачыненні да Беларусі. Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме звязваюцца з іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык. Адбываецца гэта без аглядкі на дзейную дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносін”, — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь недаатрымлівае каля 1 млн тон нафты штомесяц. „І справа тут не толькі ў тым, што хтосьці за вентыль хапаецца, — падкрэсліў Лукашэнка. — Справа яшчэ і ў тым, што мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў”. Кіраўнік дзяржавы разлічвае на тое, што ў праграме развіцця Беларусі на чарговыя пяць гадоў „будзе сфарміраваны канкрэтны план, як знізіць значнасць умоў паставак нафты для фарміравання ВУП”.
Разам з тым ён адзначыў, што наяўная сітуацыя ў нафтавай сферы „апынулася нават у чымсьці карыснай”. „Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны, — растлумачыў Лукашэнка. — Нафта — не манапольны тавар, і ахвотных працаваць з намі дастаткова нават у самой Расеі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, з імі трэба дамаўляцца”.
belapan.by