Лукашэнка: Мы вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША
Беларусь жадае нармалізаваць адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі на ўзаемавыгадных умовах, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 6 ліпеня часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Скота Роланда ў сувязі са сканчэннем яго дыпламатычнай місіі ў Менску.
„Мы ніколі не хавалі таго факту, што без нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі мы не будзем мець паўнавартаснай знешняй палітыкі. Мы не ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах”, – цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.
Беларускі кіраўнік адзначыў паляпшэнне адносін паміж Менскам і Вашынгтонам у апошні час. „Сказаць, што ў нас усё добра ў адносінах паміж дзяржавамі, напэўна, будзе не зусім выглядаць шчыра нават дыпламатычна. Але таго, што значна лепш, чым было, і што мы рухаемся ў нармальным, правільным кірунку, напэўна, і вы не станеце адмаўляць”, — сказаў Лукашэнка. „Пры добрай волі кіраўніцтва Злучаных Штатаў мы вельмі многае можам зрабіць у найбліжэйшай будучыні”, — дадаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі ёсць пэўныя абавязацельствы перад краінамі-суседзямі, у тым ліку шчыльнае супрацоўніцтва з Расеяй і такімі дзяржавамі, як Кітай і Індыя. „Гэта нашы стратэгічныя саюзнікі, партнёры. Мы з імі заключылі адпаведныя дамовы”, — падкрэсліў ён.
„Калі прыязджаюць са Злучаных Штатаў бізнесмены і я з імі сустракаюся, абмяркоўваючы інвестыцыйны клімат у Беларусі, я ім кажу: працуйце ў нас у Беларусі па амерыканскіх законах, мы створым вам такое прававое поле. Яны кажуць: не, мы хочам па беларускіх законах. І я ім за гэта ўдзячны, — расказаў Лукашэнка. — Гэта для мяне вельмі моцны рычаг і аснова для размовы з іншымі бізнесменамі. Трэба аддаць належнае, што, сапраўды, амерыканцы — людзі зусім розныя, але гэта шчырыя людзі, якія, бачачы сваю цікавасць, хацелі б сумленна супрацоўнічаць з нашай Беларуссю”.
„Я гэта кажу для таго, каб вы разумелі, што ў нас няма забароненых тэм у супрацоўніцтве з вамі, — растлумачыў Лукашэнка дыпламату. — Мы не маем ні перад адной дзяржавай абавязацельстваў, якія б супярэчылі нашаму супрацоўніцтву з ЗША. Нават расейцы нам заўсёды кажуць пра тое, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Еўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і патрэбна”.
Скот Роланд з`язджае з Беларусі 8 ліпеня. У якасці часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі ён працаваў з ліпеня 2014 года.