Лукашэнка: Мяне суткі таму пахавалі



“Мяне суткі таму пахавалі, і цябе могуць пахаваць”. У эфіры тэлеканала “Беларусь 1” увечары першага жніўня паказалі, як Аляксандр Лукашэнка жартуе з чутак пра сваё здароўе.

У панядзелак у некаторых СМІ і тэлеграм-каналах з’явіліся звесткі пра інсульт у кіраўніка Беларусі.

Яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант назвала такія звесткі трызненнем. 31 ліпеня сам Лукашэнка прыняў кіраўніка Менскай вобласці Ісачэнку, на наступны дзень праехаў па палях Менскага раёну.

На полі, звяртаючыся да аднаго з сельска-гаспадарчых кіраўнікоў ён сказаў: “У будучым годзе мне даложыш. Ты ж дажывеш да будучага году? Але ты асабліва не заракайся. Мяне суткі таму пахавалі, і цябе могуць пахаваць”.

На пытанне карэспандэнта тэлебачання “Мір” пра стан здароўя, беларускі кіраўнік заявіў: “Жывы я, не хвалюйся”. Таксама ён пасмяяўся з заявы, быццам у яго ёсць двайнік.