Лукашэнка: Мяжа Беларусі з Украінай не павiнна быць перашкодай для руху людзей
Мяжа Беларусі з Украінай не павiнна быць перашкодай для руху людзей, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка ў Жытоміры на перамовах у пашыраным складзе з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
„Я прэзідэнту [Украіны] паабяцаў, што тут не будзе ніякіх праблем”, — цытуе беларускага афіцыйнага лідара яго прэс-служба.
„Уладзімір Аляксандравіч правільна паставіў пытанне аб мяжы, — падкрэсліў Лукашэнка. — Я як адчуў, што, магчыма, нават з папрокам. Не павінна быць беларуска-ўкраінская мяжа перашкодай для перамяшчэння людзей. Я пакляўся, што гэтага не будзе. Мы ніколі не стрымлівалі і стрымліваць не будзем нашых украінцаў і беларусаў пры перамяшчэнні”.
У якасці прыкладу ён звярнуў увагу на тое, што мяжа краіны „адкрытая для жыхароў сумежных тэрыторый, якія прывыклі збіраць у Беларусі грыбы і ягады”.
„Ужо не хачу казаць (аскому нагнала) пра „пагрозы” з боку Беларусі, Украіны… Мы, дарэчы, на гэтую тэму практычна не размаўлялі. Гэта я ўжо сказаў: вы не хвалюйцеся, мы будзем прытрымлівацца гэтай палітыкі. Памятаеце, што там, на поўначы (гэта значыць у Беларусі. — БелаПАН.), народ іншы быццам бы, але гэта ваш народ. Гэта вашы людзі. Я да ўкраінцаў так стаўлюся — гэта нашы людзі тут”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя перамоў з Зяленскім у вузкім і пашыраным складах Лукашэнка ўзяў удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.
belapan.by