Лукашэнка: Найважнейшыя эканамічныя рашэнні мусіць прымаць урад



Адміністрацыя прэзідэнта павінна займацца сваёй справай, а ва ўрадзе будуць разглядаць найважнейшыя эканамічныя праблемы і выпрацоўваць найважнейшыя рашэнні, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі.

Паводле слоў Лукашэнкі, Адміністрацыя прэзідэнта павінна быць маналітным экспертным цэнтрам і выконваць ролю адмысловага фільтра па многіх пытаннях. „Вы не можаце змяніць рашэнне, напрыклад, урада. Вы проста павінны звярнуць увагу прэзідэнта на тое, што тыя ці іншыя рашэнні разыходзяцца з яго патрабаваннямі і ўказаннямі. Гэтак жа, калі пытанне тычыцца сілавога блока краіны, у нас для гэтага ёсць дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі”, — заявіў ён.

Размежаванне паўнамоцтваў — гэта важнае пытанне, падкрэсліў Лукашэнка. „Але тое, што ўсе пытанні павінны праходзіць праз Адміністрацыю прэзідэнта, — гэта факт, — дадаў ён. — Нікому не забараняецца звярнуць маю ўвагу нават на ваенныя пытанні, калі, з вашага пункта гледжання, там нешта не так. Але галоўным заўсёды павінна быць дысцыпліна, дакладнае і своечасовае выкананне ўсіх задач і даручэнняў прэзідэнта”.

Лукашэнка назваў кадравую палітыку адной з ключавых функцый адміністрацыі, заявіўшы пра неабходнасць яе ўдасканалення на ўсіх узроўнях. „Гэта маё нязменнае патрабаванне. Асабліва ў дачыненні да асоб, уключаных у кадравы рэестр прэзідэнта. Гэта ўжо ваш хлеб — кадравыя пытанні”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, Адміністрацыя прэзідэнта павінна „неадкладна рэагаваць на любыя змены сітуацыі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах”, „выпрацоўваць і акумуляваць самыя перадавыя ідэі, неабходныя для развіцця краіны”.

„Людзей абыякавых тут быць не можа. Вы ведаеце, як імкліва часам і непрадказальна мяняецца сітуацыя ў свеце. Услед за ёй і свядомасць людзей. Першымі гэта павінны адчуваць людзі, якія працуюць у ідэалагічнай вертыкалі. Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

18 жніўня Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада: замест Андрэя Кабякова прэм`ер-міністрам Беларусі быў прызначаны Сяргей Румас — прафесійны банкір, прыхільнік ліберальных рэформаў.

belapan.by

Фота belta.by