Лукашэнка накіраваў спачуванні ў сувязі з катастрофай „Боінга”
Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні вярхоўнаму кіраўніку Малайзіі, каралю Нідэрландаў і генерал-губернатару Аўстралійскага Саюза ў сувязі з гібеллю грамадзян гэтых краін у выніку катастрофы самалёта малайзійскіх авіяліній.
«Ад імя народа Беларусі выказваю шчырыя і глыбокія спачуванні ў сувязі з жудаснай катастрофай самалёта«Боінг 777»малайзійскіх авіяліній ў небе над Украінай», – гаворыцца ў спачуванні.
Самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines быў збіты напярэдадні ў Данецкай вобласці Украіны побач з расейскай мяжой. Ён накіроўваўся па маршруце Амстэрдам – Куала-Лумпур.
Прадстаўнікі малайзійскай авіякампаніі паведамілі, што на борце знаходзілася 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Усе яны загінулі.
