Лукашэнка накіраваўся на кліматычны саміт у ААЭ



Аляксандр Лукашэнка сёння, 29 лістапада, адправіўся з працоўным візітам у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, паведамляе „Пул першага”.

Ён прыме ўдзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату пад эгідай ААН, дзе агучыць падыходы і прапановы Беларусі па вырашэнні глабальных пытанняў кліматычнай і экалагічнай бяспекі. На палях саміту ён таксама мае намер правесці шэраг сустрэч і перагавораў.

У глабальным форуме плануецца „шырокі ўдзел першых асоб”, зазначае рэсурс.

На ўсясветны кліматычны саміт запрасілі кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, лідараў грамадскіх, моладзевых і бізнэс-арганізацыяў з 197 краін, якія пагадзіліся з Рамкавай канвэнцыяй Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў аб зменах клімату (1992).

Паводле папярэдніх падлікаў, усяго за два тыдні ў форуме возмуць удзел больш за 36 тысяч дэлегатаў і да 70 тысяч наведнікаў.

Вядома, што ў саміце возмуць удзел брытанскі манарх Карл III і папа Рымскі, а таксама каля сотні першых асобаў дзяржаваў.