Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Казахстан



Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Казахстан, дзе 29 траўня возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Мерапрыемства пройдзе ў Нур-Султане ў вузкім і пашыраным складах.

„З улікам юбілейнай даты — пяцігоддзя дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе — кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць вынікі развіцця саюза і вызначаць далейшыя перспектывы сумеснай працы па паглыбленні еўразійскай інтэграцыі, якаснай рэалізацыі ўжо існых дамоўленасцей”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

На саміт таксама вынесеныя пытанні, якія тычацца пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ЕАЭС, фармавання агульнага электраэнергетычнага рынку саюза, узаемадзеяння ў мытнай сферы, асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі на 2019—2020 гады, ходу рэалізацыі лічбавага парадку дня, стварэння Савета па прамысловай палітыцы ЕАЭС. Паводле вынікаў пасяджэння плануецца прыняць шэраг міжнародных дакументаў.

Акрамя ўдзелу ў саміце праграмай візіту прадугледжаныя двухбаковыя сустрэчы і перамовы Лукашэнкі з кіраўнікамі шэрагу дзяржаў.

belapan.by