Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Кыргызстан
Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада накіраваўся з рабочым візітам у Кыргызстан, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.
У Бішкеку 28 лістапада Лукашэнка возьме ўдзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) АДКБ. У сваім выступленні на саміце, паведамляе прэс-служба, ён „акрэсліць пазіцыю і асноўныя прапановы беларускага боку па развіцці і ўмацаванні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі ў розных яе сегментах”.
У межах саміту запланаваныя сустрэчы і перамовы беларускага кіраўніка з замежнымі калегамі.
Як паведамляла прэс-служба АДКБ, шэраг вынесеных на саміт пытанняў, у прыватнасці аб праблемах міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і сітуацыі ў зоне адказнасці АДКБ, члены Савета калектыўнай бяспекі абмяркуюць у вузкім складзе. Пленарнае пасяджэнне пройдзе з удзелам міністраў замежных спраў, міністраў абароны і сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ.
Кіраўнікі дзяржаў плануюць прыняць шэраг заяў, а таксама план калектыўных дзеянняў па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН на 2019—2021 гады, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні ўсёй сістэмы процідзеяння тэрарыстычным выклікам і пагрозам.
Плануецца прыняцце шэрагу рашэнняў СКБ, якія тычацца ўнясення змен у нарматыўныя прававыя акты АДКБ, палажэнне аб Савеце калектыўнай бяспекі і правілы працэдуры органаў АДКБ.
На разгляд кіраўнікоў дзяржаў таксама будуць вынесеныя пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніку арганізацыі, у прыватнасці праект палажэння аб парадку падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў у фармаце АДКБ, праект рашэння, які прадугледжвае ўнясенне змен у палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння дзяржаў — членаў арганізацыі па супрацьдзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя „Проксі”).
Акрамя таго, Савет калектыўнай бяспекі разгледзіць бюджэт арганізацыі на 2020 год.
Усяго на парадку дня пасяджэння СКБ АДКБ 17 пытанняў.
belapan.by