Лукашэнка накіроўваецца ў Кіеў
Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, якія пройдуць 20 і 21 ліпеня ў Кіеве, не выклікаюць вялікага энтузіязму ва ўкраінскім грамадстве.
Украінскія аналітыкі, палітолагі і грамадскія актывісты перакананыя, што кіраўнік Беларусі ў сваёй знешняй палітыцы не заўсёды самастойны, а ў пытаннях украінска-расейскага канфлікта відавочна падтрымлівае пазіцыю Крамля.
Украінскі актывіст Аляксандр Ясянчук выказаўся з нагоды перамоваў Лукашэнкі і Парашэнкі:
– Я думаю, што ніякіх сур’ёзных зменаў не будзе. Лукашэнка можа вырашаць толькі эканамічныя пытанні. А глабальныя пытанні вырашае за яго Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Лукашэнка намагаецца, пыжыцца і хоча стварыць выгляд міратворцы, але зразумела, што гэта немагчыма, бо не ён гаспадар у сваёй краіне.
Чакаецца, што перамовы кіраўнікоў Беларусі й Украіны пройдуць у двух фарматах: “адзін на адзін” і ў пашыраным складзе.
Афіцыйная сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі адбудзецца 21 ліпеня. Прэс-служба прэзідэнта Украіны апублікавала некаторыя дэталі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў. Афіцыйная цырымонія сустрэчы беларускага кіраўніка адбудзецца 21 ліпеня ў 11 гадзін на плошчы перад будынкам Адміністрацыі прэзідэнта Украіны.
У 12.30 Пятро Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка выступяць з заявамі для прадстаўнікоў СМІ. Праграмай візіту запланаваныя перамовы лідараў у фармаце „сам-насам” і ў пашыраным складзе. Адной з тэм сустрэчы стане “ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны, у чым Беларусь актыўна ўдзельнічае, падаючы перамоўную пляцоўку для бакоў працэсу”. Чакаецца, што па выніках перамоваў будзе падпісаны шэраг дакументаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by