Лукашэнка: Нам не трэба авіябаза, нам патрэбны самалёты
Гаворкі пра тое, каб размясціць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не вялося. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні жыхароў Менскага раёна.
„Я назіраю ў апошні час крыкі нашай апазіцыі з нагоды размяшчэння расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога пра гэта не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, – я пра гэта нічога не ведаю”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
„Нам патрэбны самалёты, а не базы сёння. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў ваенных, грамадзянскіх. І навошта мне ствараць базу? – адзначыў Лукашэнка. – Навошта мне сёння завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?”
„У мяне на гэты конт ні з кім не было размовы. Проста мяне здзіўляе і нават у нейкай ступені абурае і крыўдзіць, навошта гэта было расейцам сёння укідваць у сродкі масавай інфармацыі? Можа, непакояцца, што мы сапраўды на Захад сыходзім, каб падкінуць гэтую тэму, каб Захад пачаў у нас пытацца або сумнявацца ў тым, што мы з імі хочам нармалізацыі адносін?” – адзначыў прэзідэнт.
„Будуць рознага роду правакацыі, з любога боку, будзьце вельмі акуратныя, не расслабляйцеся”, – перадае словы Лукашэнкі БелТА.