Лукашэнка: Нам вайна не пагражае, але войска трэба узбройваць своечасова
Задачу стварыць поўны замкнёны цыкл вытворчасці перспектыўных узораў узбраення – ад сродкаў рухомасці да сродкаў паражэння – паставіў Аляксандр Лукашэнка на чарговай нарадзе.
„Неабходна аснашчаць войска сучаснай, высокадакладнай і эфектыўнай зброяй”, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Заява Лукашэнкі зроблена на фоне перамоў Украіны з Еўропай і ЗША аб пастаўках зброі для вядзення антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.
Былы міністр абароны Павел Казлоўскі не адхіляе магчымасці мадэрнізацыі беларускай вайсковай тэхнікі, але ставіць пад сумнёў магчымасць стварэння ўзораў узбраення уласна беларускай ваеннай прамысловасці.
– Размова звычайна ідзе пра мадэрнізацыю танкаў, самалётаў, сістэм ПВО. На першы погляд гэта вельмі разумна, калі будць ствараць узбраенне поўны цыкл – з камплектуючых да гатовага вырабу. Але ці гатовая Беларусь да такой вытворчасці? Я не зусім упэўнены. Гэта не так усё проста. Раней Беларусь чым займалася? Камплектуючымі для авіяцыі, для флоту, для падводнага флоту і гэтак далей.
„Нам вайна не пагражае на сённяшні дзень, але войска трэба узбройваць своечасова. Будзем гатовы адказаць на любы выклік часу, значыць, вайны не будзе. На жаль, твар вайны мяняецца. У сувязі з гэтым павінны мяняцца і мы „, – заявіў Лукашэнка. У Беларусі, па яго словах, створаныя вопытныя ўзоры баявой браняванай машыны і аўтамабіля высокай праходнасці, наладжана вытворчасць сродкаў сувязі. Акрамя таго, адзначыў Лукашэнка, завершана распрацоўка беспілотнага авіяцыйнага комплексу з далёкасцю дзеяння 100 і больш кіламетраў. Сумесна з замежнымі партнёрамі створаны супрацьтанкавы ракетны комплекс.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя