Лукашэнка: Наша палітыка ў адносінах да Расеі не зменіцца
Палітыка Беларусі ў адносінах да Расеі не зменіцца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 траўня журналістам пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Менску.
„Прынамсі, наша палітыка ў адносінах да Расеі не зменіцца. Вы ведаеце яе, прынцыпы гэтай палітыкі, ідэйныя, маральныя, духоўныя: гэта нашы родныя браты, і мы не збіраемся сварыцца з імі”, — цытуе Лукашэнку БелТА.
„Калі Расея вырашыць пайсці далей, мы гатовыя паглыбляць наша супрацоўніцтва. Мы за кааперацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалоссяў — малочных, мясных, цукровых войнаў і іншага. Гэта проста сорамна”, — заявіў ён.
Паводле слоў беларускага кіраўніка, развіццё двухбаковых адносін залежыць ад таго, наколькі Расея сёння гатовая, улічваючы інтарэсы беларускага боку, прытрымлівацца курсу інтэграцыі.
„Сёння нашы адносіны не пазбаўленыя прагматычнай асновы. І Расея бачыць у супрацоўніцтве з Беларуссю пэўны прагматызм, тое ж самае і мы. Але замыкацца і спыняцца на гэтым узроўні або на супрацоўніцтве толькі з Расеяй, я ўжо казаў, няправільна. Мы праводзім тую ж палітыку , што і Расея, — дыверсіфікуем нашы адносіны, найперш эканамічныя”, — заявіў Лукашэнка.