Лукашэнка наведае Расею і Таджыкістан
Аляксандр Лукашэнка наведае з візітамі Расею і Таджыкістан, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.
14 траўня Лукашэнка накіруецца ў Сочы, дзе возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. На ім кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць „актуальны парадак дня працы і далейшага развіцця інтэграцыйнага аб’яднання, перспектывы паглыблення ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў”.
Чакаецца таксама сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, на якой бакі абмяркуюць стан і перспектывы двухбаковых адносін, наяўныя праблемныя пытанні, падрыхтоўку да маючага адбыцца ў Менску пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета.
Пасля завяршэння мерапрыемстваў у Сочы Лукашэнка накіруецца з афіцыйным візітам у Таджыкістан. Візіт будзе доўжыцца да 16 траўня.
Запланаваныя перамовы з прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, якія пройдуць у фармаце „сам-насам” і ў пашыраным складзе. Кіраўнікі дзяржаў разгледзяць вынікі і далейшыя планы па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, вытворчай кааперацыі, рэалізацыю сумесных праектаў і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, а таксама працу на рынках трэціх краін. Па выніках перамоў чакаецца падпісанне двухбаковых дакументаў.
Мяркуецца таксама, што Лукашэнка і Рахмон возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцця нацыянальнай выставы Беларусі ў Таджыкістане і шэрагу іншых мерапрыемстваў.
У дні афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Душанбэ адбудзецца таджыкска-беларускі бізнес-форум, у якім возьмуць удзел і прадстаўнікі дзелавых колаў Афганістана. Запланаванае правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі трох краін. На форуме будуць разгледжаныя перспектыўныя напрамкі бізнес-узаемадзеяння Беларусі з Таджыкістанам і Афганістанам.
belapan.by