Лукашэнка наведае Узбекістан



Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні прэзідэнта Шаўката Мірзіёева 12—14 верасня наведае Узбекістан з афіцыйным візітам.

Як паведамляе Міністэрства замежных справаў Узбекістана, падчас сустрэч і перамоў на вышэйшым узроўні плануецца абмеркаваць шырокае кола пытанняў двухбаковага парадку дня, вызначыць ключавыя напрамкі ўмацавання і развіцця палітычнага дыялогу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах на доўгатэрміновую перспектыву.

Кіраўнікі Узбекістана і Беларусі таксама абмяняюцца думкамі па актуальнай рэгіянальнай і міжнароднай праблематыцы.

У межах візіту ў Ташкенце будзе працаваць выстава нацыянальнай прадукцыі „Зроблена ў Беларусі”, а таксама адбудзецца сумесны форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з удзелам бізнес-колаў і кіраўнікоў рэгіёнаў дзвюх краін.

Па выніках узбекска-беларускага саміту мяркуецца падпісаць сумесную заяву кіраўнікоў дзяржаў, пакет міждзяржаўных, міжурадавых, міжведамасных пагадненняў і іншых дакументаў, якія прадугледжваюць наданне новай дынамікі дружалюбным, шматпланавым сувязям паміж Узбекістанам і Беларуссю.

belapan.by

Фота: прэс-служба прэзідэнта Беларусі