Лукашэнка наведаў шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы
У рамках традыцыйных выязных мерапрыемстваў Аляксандр Лукашэнка наведаў шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы.
Ён пабываў на вытворчасці шкловаты, а таксама ў цэху па вырабе крышталя. Пасля гэтага адбылася запланаваная сустрэча з загадзя падрыхтаванымі супрацоўнікамі шклозавода. Таксама сустрэчы з ім чакалі і жыхары Бярозаўкі, якая разам з прадпрыемствам перажывае цяжкія часы. Але на сустрэчу з імі, як гэта было падчас мінулага візіту ў 2005 годзе, кіраўнік дзяржавы не выйшаў.
Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак лічыць, што гэты візіт на шклозавод Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца часткай яго перадвыбарчай кампаніі.
– Я цвёрда ўпэўнены, што ён едзе ў Бярозаўку ў межах сваёй перадвыбарнай кампаніі. Здымаць кіно пра тое, які ён цудоўны чалавек. Ён не збіраецца ратаваць завод. Ён нават не ведае, як гэта рабіць. Ён не збіраецца ратаваць Бярозаўку, таму што крах нашага прадпрыемства – гэта проста заняпад горада. Гэтыя пытанні “актора” не цікавяць.
Падчас свайго візіту на прадпрыемства ў Бярозаўцы Аляксандр Лукашэнка традыцыйна пракаментаваў сітуацыію з каронавірусам у Беларусі. А таксама абвесціў аб завяршэнні канікулаў для школьнікаў. Што тычыцца непасрэдна шклозавода, то ён паабяцаў падтрымку ў пашырэнні вытворчасці шкловаты, пратэсты супраць якой неаднойчы выказвалі жыхары Бярозаўкі.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя