Лукашэнка наведвае ААТ „Нафтан” у Наваполацку
Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць наведвае ААТ „Нафтан” у Наваполацку.
Як паведамляе яго прэс-служба, кіраўніка дзяржавы праінфармуюць аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна ў цэлым, а таксама Наваполацка і ААТ „Нафтан”.
„Чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з сучаснымі метадамі кіравання тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці, агледзіць вытворчую тэрыторыю прадпрыемства, — гаворыцца ў паведамленні. — У прыватнасці, увазе прэзідэнта прадставяць устаноўку першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8 і ўстаноўку запаволенага каксавання нафтавых рэшткаў, якая будуецца”.
Падчас наведвання прадпрыемства Лукашэнка таксама азнаёміцца з сацыяльнымі аб’ектамі ААТ „Нафтан”, правядзе нараду па пытаннях мадэрнізацыі беларускіх НПЗ і павышэння эфектыўнасці экспартнага продажу нафтапрадуктаў, сустрэнецца з прадстаўнікамі працоўнага калектыву.
„Традыцыйна падчас рабочай паездкі гаворка пойдзе і аб развіцці сацыяльнай сферы і выкананні адпаведных стандартаў. Гэта ў тым ліку пытанні якасці адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, бытавых паслуг, у галіне гандлю, сферах культуры і спорту”, — паведамляе прэс-служба.
Пасля наведвання НПЗ Лукашэнка агледзіць крытую трэніровачную пляцоўку спартыўнай установы „Хакейны клуб „Хімік”, азнаёміцца з інфраструктурай і арганізацыяй яго працы.