Лукашэнка наведаў ваенны палігон пад Гародняй
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што супраць Беларусі задзейнічаны сцэнарый „каляровых рэвалюцый”, а асаблівасць сітуацыі — у выкарыстанні знешняга фактару. Пра гэта ён заявіў 22 жніўня, наведваючы ваенны палігон пад Гародняй.
„Як мы і меркавалі, усё ідзе згодна з планам каляровых рэвалюцый з узбуджэннем унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Арыгінальнасць і асаблівасць сітуацыі складаецца ў тым, што падключаны знешні фактар, што бывае не заўсёды. Звычайна яны раскручваюць унутры, зрынаюць дзейную ўладу. Але паколькі ўлада ў нас на месцы, жорстка супраціўляецца, падключылі знешні фактар”, — прыводзіць словы Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”.
Лукашэнка даў даручэнне міністру абароны і камандуючаму Заходнім аператыўным камандаваннем: „Абараніць перш за ўсё заходнюю жамчужыну Беларусі з цэнтрам у Гародні. З прыняццем самых жорсткіх мер па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны”.
Ён растлумачыў задуму апанентаў: хочуць разгрупаваць сілы беларускіх вайскоўцаў і праваахоўнікаў, адцягнуць ад унутранай сітуацыі і напружыць на знешняй мяжы.
„Вы бачыце, што яны ўжо цягнуць сюды „альтэрнатыўнага прэзідэнта”, робяць гэта сур’ёзна, бо сыплюцца заявы заходніх дзяржаў аб фінансаванні, падтрымцы. Ваенная падтрымка ў наяўнасці — перамяшчэнне войскаў НАТА да межаў. Яны ўсе рухаюць да таго, каб зацягнуць сюды нібыта новага прэзідэнта. Ён звяртаецца да заходніх дзяржаў, у гэтым выпадку НАТА, з мэтай абароны насельніцтва. Яны ўводзяць войскі — і на Беларусі можна паставіць крыж”, — заявіў Лукашэнка.
Ён наведаў раён сканцэнтравання 52-га танкавага батальёна, пункт кіравання ракетнага дывізіёна.
Фота: БелТА