Лукашэнка назваў умовы адмены смяротнага пакарання



Смяротнае пакаранне ў Беларусі можа быць адменена толькі новым рэферэндумам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў Вене, адказваючы на пытанні падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам.

Як перадае аўстрыйскае інфармагенцтва  APA, гаворачы пра смяротнае пакаранне, беларускі лідар спаслаўся на рэферэндум 1996 года, падчас якога большасць з тых, хто прагаласаваў, выступіла за захаванне вышэйшай меры пакарання. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, падкрэсліў Лукашэнка, адмена смяротнай кары магчымая толькі з дапамогай новага рэферэндуму.

„ЕС патрабуе ад нас адмены [смяротнай кары], і мы да гэтага неабыякавыя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аднак, паводле яго слоў, рэгулярнае правядзенне апытанняў грамадскай думкі сведчыць аб тым, што настроі людзей па гэтым пытанні не змяніліся. Таму Лукашэнка лічыць, што праводзіць новы рэферэндум па пытанні адмены смяротнага пакарання не мае сэнсу.

„Ці варта гэтае пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ. Думаю, не варта. Таму мы дамовіліся калісьці з палітыкамі ў Бруселі ў гэтым кірунку працаваць разам. І выпрацавалі нейкі план, дарожную карту па працы з беларускім грамадствам. Мы ў гэтым кірунку рухаемся. Спешка тут можа толькі нашкодзіць”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Лукашэнка „задаў рытарычнае пытанне” аўстрыйскай журналістцы, што падняла гэтую тэму, якое меркаванне грамадзян гэтай краіны адносна смяротнага пакарання. „Не ведаеце … У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі, з аднаго боку, — заўважыў ён. — Каб вось так патрабаваць ад кагосьці, разважаць на гэтую тэму, трэба ведаць, што ў цябе думае грамадства па гэтым пытанні”.

Беларускі кіраўнік таксама прывёў прыклад, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя адносіны з ЗША, Кітаем. „Пры сустрэчах з імі вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Няхай гэта будзе таксама рытарычным пытаннем”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

„Што датычыцца Савета Еўропы і нашага членства (тут у якасці ўмовы вылучаюцца патрабаванні адмены ці ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнай кары. — Заўв.): прымеце — дзякуй, не — пацерпім”, — сказаў Лукашэнка.

Ідэю адмовы ад прымянення вышэйшай меры пакарання прасоўвае на ўзроўні заканадаўчай улады дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. На працягу лістапада яна мае намер ўнесці ў парламент праект закона „Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары”.

Законапраект змяшчае два артыкулы. У адным гаворыцца аб прыпыненні дзеяння арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса аб выкананні смяротных прыгавораў да моманту, пакуль гэтая мера пакарання не будзе цалкам скасаваная. Іншы артыкул прадугледжвае накіраванне асоб, у дачыненні да якіх вынесены смяротны прыгавор, у папраўчыя калоніі, дзе іх павінны ўтрымліваць у тых жа ўмовах, што і асуджаных да пажыццёвага зняволення.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Паводле звестак праваабаронцаў, у гэтым годзе ў краіне пакаралі смерцю двух чалавек.

Выканання вышэйшай меры пакарання чакаюць трое. Апошні смяротны прыгавор быў вынесены Брэсцкім абласным судом у дачыненні да 48-гадовага жыхара Лунінца Віктара Сяргеля, які 25 кастрычніка быў прызнаны вінаватым у групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў. Другая фігурантка справы — 26-гадовая маці забітай дзяўчынкі — прыгавораная да 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Еўрапейскі саюз, Савет Еўропы і Парламенцкая асамблея АБСЕ неаднаразова заклікалі Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да поўнай адмены гэтага віду пакарання.

belapan.by

Фота: прэс-служба прэзідэнта Аўстрыі