Лукашэнка назваў умовы далейшага развіцця саюзнага будаўніцтва з Расіяй



Аляксандр Лукашэнка назваў умовы, на якіх магчыма далейшае развіццё саюзнага будаўніцтва з Расіяй, у тым ліку ўвядзенне адзінай валюты, уніфікацыя падатковай і мытнай палітыкі. Па тэме Саюзнай дзяржавы Лукашэнка выказаўся на сустрэчы з цяперашнім і былымі міністрамі замежных спраў Беларусі 18 студзеня ў Менску.

„Саюз — калі ласка. Аб’яднанне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы, — цытуе словы Лукашэнкі прэс-служба кіраўніка краіны. — Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса. Калі нехта мне пачынае гаварыць пра аб’яднанне, то зноў жа з даху: давай валюту агульную. Мы не супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі. Павінен быць эмісійны цэнтр, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЕЗ, добра — на прынцыпах Еўразвяза. Але каб умовы былі роўныя і падыход”.

Лукашэнка таксама заявіў: „Вы хочаце падатковую, мытную палітыку ўніфікаваць? Згодзен. Таксама сказаў у мінулы раз: але на лепшых традыцыях і ўмовах, возьмем усё лепшае ў беларусаў і расіян. Але не так: мы — вялікія, вы — малыя, давайце рабіце так, як у нас „.

Афіцыйны лідар лічыць, што ў некаторых нападках на Беларусь няма ніякіх міждзяржаўных або міжнародных адносін. „Усё ў прыватнасцях, усё ў асобах, усё ў тым, што камусьці не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць. Нават не знешнепалітычны. А тую эканоміку, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах перш за ўсё справядлівасці. Гэты тэзіс я 20 з лішнім гадоў прапаведую. Аказваецца, ён сёння ў Расіі вельмі запатрабаваны. Таму ўсё банальна: камусьці хочацца панізіць градус Беларусі ў Расіі. Вось і пачынаюцца гэтыя нападкі”, — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што на гэта неабходна рэагаваць спакойна і мэтанакіравана. „Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Мы не супраць расіян, палякаў, літоўцаў. Мы хочам быць у любым саюзе, але жыць у сваёй уласнай кватэры. У нас гэтая кватэра ёсць. Нашы суседзі, якія б яны ні былі, мы іх не выбіраем, і мы гатовыя з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны”.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што, як бы ні складваліся адносіны з Расіяй, „мы ніколі не дазволім, каб у нас у Беларусі, на гэтай святой зямлі, дрэнна ставіліся да расіян”.

„І калі камусьці хочацца сутыкнуць нас — не атрымаецца. Мы ведаем, як на гэта рэагаваць, — сказаў ён. — На шчасце, ужо не толькі першы, другі, трэці каналы [беларускага тэлебачання] транслююцца на ўсю Расію. Але ёсць і інтэрнэт. І мы свой пункт гледжання заўсёды давядзем да рускага чалавека. Да расіяніна наогул”.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што не лічыць сёлетні момант адносін з Расіяй крытычным або вострым. „Проста павінен сказаць, што там з’явіліся… Ці не з’явіліся, а і былыя кіраўнікі, якія даўно працуюць, яны занялі пэўную пазіцыю націску нават на ўласнага прэзідэнта Пуціна. Думаю, гэта ж не хлопчык, у палітыцы не пачатковец. І па сустрэчах з ім бачу, што чалавек накіраваны на тое, каб мы ні ў якім разе не разарвалі адносіны Беларусі і Расіі, — сказаў Лукашэнка. — Гэта вельмі нявыгадна. Гэта будзе ўрон для яго як палітыка, а для мяне тым больш. Таму што мы заўсёды з вамі праводзілі, можна сказаць, прарасійскі курс. Прапаведуючы шматвектарную знешнюю палітыку, мы заўсёды Расію вызначалі не проста як нашага галоўнага партнёра, а як самую блізкую, брацкую дзяржаву, дзе жывуць проста нашы людзі. Так і будзе”.

belapan.by