Лукашэнка: Не хацеў бы, каб вучэнні НАТА ўспрымалі як бразганне зброяй



Аляксандр Лукашэнка не хоча, каб вучэнні НАТА блізу межаў Беларусі ўспрымаліся як „бразганне зброяй”. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур 30 сакавіка ў Менску, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Даклады кіраўніку дзяржавы падалі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, міністр абароны Віктар Хрэнін і начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Ціханаў.

„Я хацеў бы з вамі абмеркаваць шэраг пытанняў, якія тычацца не толькі стану спраў у нашай арміі, але і на злобу дня пытанне, што прагучала ў нас яшчэ летась, — пытанне рэагавання на тое, што адбываецца ў нас, на нашых межах. Гэта вучэнні НАТА „Абаронца Еўропы 2020”, якія ў іх зараз дзеянні з боку блока НАТА, — сказаў Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю, я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразганне зброяй з нашага боку. Мы на сённяшні дзень вучэнні НАТА, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасці ад нашых межаў, так не успрымаем. Яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых планаў. Ну, я думаю, разведка праінфармуе, якая там сітуацыя, і мы абмяркуем гэтае пытанне, а таксама зробім далейшыя крокі па рэагаванні на тое, што адбываецца ля нашых межаў„.

„Упэўнены, зыходзячы з той інфармацыі, якой я валодаю сёння, мы справімся з гэтай сітуацыяй. Не павінна быць ніякай празмернасці, гэта, у рэшце рэшт, таксама і грошы. Таму празмернага быць не павінна. Ну і трэба неяк гэта супаставіць і ўплесці ў тую тканіну працы арміі, якая сёння існуе. Гэта павінна быць на карысць арміі, а паказухі быць не павінна”, — дадаў ён.

Вучэнні НАТА Defender Europe 20 планавалася правесці вясной 2020 года на тэрыторыі 10 дзяржаў Еўразвязу. Паводле інфармацыі сайта арміі ЗША ў Еўропе, амерыканскія войскі і тэхніка прыбылі ў Еўропу ў лютым, дзе планавалі знаходзіцца да ліпеня ўключна. Самі манеўры былі запланаваныя на красавік—май. Чакалася, што ў іх возьме ўдзел кантынгент з 18 краін — прыблізна 37 тыс. вайскоўцаў НАТА і краін-партнёраў, у тым ліку 20 тыс. амерыканскіх салдат. 19 сакавіка генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг падчас прэс-канферэнцыі паведаміў пра змены ў праграме вучэнняў з-за каранавіруса: некаторыя мерапрыемствы адмененыя, шэраг іншых адкладзеныя або змянілі фармат.

23 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў Узброеных сіл пераходзіць да актыўнай фазы — комплексных вучэнняў. У іх мяркуецца задзейнічаць прыкладна 6 тыс. чалавек асабовага складу і 200 адзінак рознага ўзбраення.

„Далейшае комплекснае вучэнне дасць магчымасць не толькі ацаніць узровень падрыхтоўкі войскаў, але і з’яўляецца адной з мер рэагавання на шматнацыянальныя манеўры НАТА каля нашых межаў”, — адзначыла абароннае ведамства.

БелаПАН

Фота: БелТА