„Лукашэнка не хоча зразумець, што апазіцыя – таксама яго народ”



“Палітычным вандалізмам” назваў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі крытыку і абразы ў адрас апазіцыі ад Аляксандра Лукашэнкі падчас штогадовага паслання. У прыватнасці кіраўнік дзяржавы заявіў, што „пятай калоне” і так званым апазіцыянерам трэба найперш думаць, чым пісаць, і прыгразіў сітуацыяй, якая склалася ва Украіне. “Праблема ў тым, што ўлады не збіраюцца ісці на дыялог”, – каментуе Віталь Рымашэўскі.

– Лукашэнка кажа пра вялікую частку яго ўласнага народу, як „пятую калону”. Нават калі б былі сапраўднымі тыя лічбы, якія агучвае МВД – пра апазіцыю, пра няўрадавыя арганізацыі, якія таксама атымалі таўро як „пятая калона”, нават па гэтых лічбах – гэта некалькі тысячаў чалавек. І вось частку свайго ўласнага народу называць “пятай калонай”, абражаць, выкарыстоўваць сталінісцкія тэрміны да гэтых людзей – гэта антыканструктыўна. Гэтае пасланне сведчыць пра тое, што ніякага жадання ў беларускіх уладаў ісці на рэальны дыялог, рэальныя рэформы – няма.

“Сённяшняя алігархічна-карупцыйная сістэма, якая склалася ў Беларусі, будзе спрабаваць сябе захаваць: нічога не мяняць і заціскаць гайкі на беларускім народзе. На жаль, такая палітыка можа прывесці да яшчэ большай стагнацыі беларускай эканомікі і збяднення беларускага народа”, – робіць высновы з заяваў Аляксандра Лукашкі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя