Лукашэнка: Не хвалюйцеся, свой кавалак зямлі мы абаронім



Грамадзян Беларусі не павінны турбаваць пытанні абараназдольнасці, бо гэта — непасрэдная задача галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падчас наведвання цэнтра касмічнай сувязі, які ствараецца ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна.

Ён падкрэсліў, што пытанням арганізацыі бяспекі ў Беларусі надаецца асаблівая ўвага. У той жа час, дадаў Лукашэнка, яго хвалюе, што людзі занадта занепакоеныя пытаннямі абараназдольнасці. Ён нагадаў, што арганізацыя бяспекі — гэта непасрэдная задача галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі, якім згодна з Канстытуцыяй з’яўляецца прэзідэнт. „Галоўнае для мяне — бяспека нашых грамадзян, нашага грамадства і абараназдольнасць краіны”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, у гэтым кірунку актыўна працуюць айчынныя прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу, ствараючы патрэбныя для краіны і запатрабаваныя на сусветным рынку сістэмы ўзбраення, у тым ліку ракетныя комплексы.

На тэме стварэння ракетных комплексаў Лукашэнка спыніўся больш падрабязна. „Ракета — гэта сёння галоўная сістэма для абараназдольнасці, — заявіў ён. — Гэта тая зброя, якая прымушае праціўніка думаць, ці варта сюды соваць нос. У гэтым плане нам ёсць што сказаць, і мы будзем гэтаму надаваць сур’ёзную ўвагу, ствараючы патрэбныя для нас і запатрабаваныя на рынку сістэмы ўзбраення”.

„Таму не перажывайце за будучыню, бяспеку, абараназдольнасць нашай краіны. У нас дастаткова спецыялістаў, якія могуць ствараць сістэмы, здольныя супрацьстаяць любому праціўніку. Свой кавалак зямлі мы заўсёды абаронім. Мы нічога свайго не аддадзім, але і чужога нам не трэба”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Праект па стварэнні нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання рэалізуецца ў межах кантракта, які заключылі РУП „Завод дакладнай электрамеханікі” (Мінск) і кітайская прамысловая карпарацыя „Вялікая сцяна”. У студзені 2016 года з кітайскага касмадрома быў запушчаны беларускі камунікацыйны спадарожнік „Белінтэрсат-1″.

[youtube id=”Ce4tlEw4Dcg”]

belapan.by