“Лукашэнка – не прэзідэнт!”: заява дэмакратычных сіл Беларусі
Прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый зрабілі сумесную публічную заяву пад загалоўкам «Аляксандр Лукашэнка – не прэзідэнт». У ёй яны выказваюць меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка не быў абраны прэзідэнтам, бо ў краіне не было свабодных і дэмакратычных выбараў. Таксама аўтары заявы ўскладаюць адказнасць за падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў персанальна на Аляксандра Лукашэнку, кажа адзін з падпісантаў заявы – сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:
– Мы сведчым пра тое, што выбары былі несвабодныя і недэмакратычныя. Мы лічым, што Лукашэнка не набраў неабходную колькасць галасоў, каб стаць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. А тыя пратаколы, якія ў нас ёсць, і якія ў адкрытым доступе СМІ, дзе лічылі галасы сумленна, яны кажуць пра тое, што перамагла ў першым туры Ціханоўская. Мы зрабілі супольную заяву, дзе выражаем сваю пазіцыю па тым, што непрымальны гвалт. Што ўся адказнасць за гвалт ляжыць на ўладах Беларусі. Тое, што адбываецца ў нашай краіне, недапушчальна!
Старшыня Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч звяртае ўвагу на шматлікія факты парушэнняў і жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі, якія выказваюць свой пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў:
– 500 дэманстрантаў мірных, задушэнне мірных пратэстаў, немагчымасць абскардзіць і атрымаць рэальныя вынікі галасавання па шэрагу ўчасткаў. Затрыманні, рэпрэсіі, выпадкі катаванняў у беларускіх турмах, калі людзей беспадстаўна збіваюць пры затрыманні і ўтрыманні. Перанаселеныя камеры, адсутнасць доступу да адваката і гэтак далей.
Аўтары звароту выказалі гонар беларускім народам, які здолеў пераадолець страх і паказаў, што можа бараніць свой выбар. Заяву дэмакратычных сіл падпісалі таксама старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, старшыня партыі БСДП Ігар Барысаў, старшыня «Партыі свабоды і прагрэсу» Уладзімір Навасяд ды старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя