Лукашэнка: Не трэба на мяне гэта грузіць



Аляксандр Лукашэнка 24 снежня ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Эхо Москвы” пракаментаваў інтэрв’ю былога байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыя Гараўскага радыёстанцыі „Нямецкай хвалі” аб гучных знікненнях у Беларусі ў 1999—2000 гадах.

Інтэрв’ю з былым байцом САХРа, які на дадзены момант просіць палітычнага прытулку ў адной з заходніх краін, было апублікавана на сайце радыёстанцыі „Нямецкая хваля” 16 снежня. Гараўскі паведаміў, што пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Паўлічэнкі — на той час камандзіра САХРа — ён і яшчэ сем байцоў ўдзельнічалі ў выкраданні і забойстве апазіцыйных беларускіх палітыкаў у канцы 1990-х гадоў — экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і яго сябра, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Паводле слоў Гараўскага, байцы САХРа таксама маглі быць датычныя да знікнення аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага.

На пытанне, ці ведае ён пра расследаванне „Нямецкай хвалі” і ці будзе з яго боку нейкая рэакцыя, Лукашэнка адказаў: „Ведаеце, ніхто „зверху” акрамя прэзідэнта ў такіх выпадках не можа даць каманду. Калі Пуцін, Лукашэнка не дадуць такую каманду, ні Бортнікаў (дырэктар ФСБ Расіі. — БелаПАН.), ні наш Вакульчык (старшыня КДБ. — БелаПАН.), КДБ, ФСБ ніколі на гэта не пойдуць. Таму што гэта злачынства з пахам палітыкі. Бортнікаў, які б ён ні быў, ён не палітык. Ён канкрэтны чалавек, які працуе адмысловымі метадамі, таму што ў яго спецслужба, так і ў нас у КДБ”.

Паводле слоў Лукашэнкі, калі ў Беларусі ён не дасць каманду, „ніхто не будзе ўчыняць гэтыя злачынствы”. „Я ніколі ў жыцці не даваў і даваць не буду такой каманды, — падкрэсліў ён. — Адказ просты: навошта гэта мне трэба было? Навошта? Што змянілася, што не стала ў Беларусі два ці тры чалавекі, тым больш аператар, пра якога кажуць. Там жа змяшалі ўсё ў кучу — Дзіма Завадскі (аператар тэлеканала ОРТ. — БелаПАН.), які загінуў. Ён жа загінуў з-за Чачні і Шарамета. Не трэба на мяне гэта грузіць. Я не даю такіх каманд, таму што мне гэта не трэба было тады і нават цяпер. Таму што забіваюць сваіх заўзятых, ашалелых або небяспечных супернікаў. Я — палітык, значыць, палітычных. Якімі яны палітыкамі былі? Віця Ганчар быў заўсёды маім добрым таварышам і сябрам, мы з ім у адным парламенце былі. Мы не толькі ў лазню хадзілі разам”.

З бізнэсмэнам Красоўскім, паводле слоў Лукашэнкі, ён знаёмы не быў.

„Захаранка звязаўся ў бізнесе (вось пра гэта вы не пішаце) з Украінай, — заявіў Лукашэнка. — Грошы ўзяў велізарныя пад выглядам, што ён быў міністрам, сышоў, але ва ўладзе, і ў яго тут усё схоплена, а грошы не вярнуў. Але самае цікавае: у Германіі дваіх з іх гадоў сем ці восем назад, калі тэма гэта была гарачая, сфатаграфавалі на вуліцы. Гэта значыць, магчыма, яны жывыя. Я запыт даў у Германію. Адкажыце на пытанне: вось фота, надрукавана было ў нямецкай прэсе. Адказу да гэтага часу не далі”.

Публікацыю ў „Нямецкай хвалі” Лукашэнка назваў правакацыяй. „Я неадкладна даў каманду, калі мне прэс-служба далажыла гэты кавалак ўкіду туды (не ведаю, праўда, хто гэта ўкінуў, разбяромся): неадкладна запытайце ў Следчым камітэце інфармацыю, крымінальная справа ж існуе, — дадаў Лукашэнка. — Хай ён прыедзе, дасць паказанні, ён жа ўжо публічна заявіў, хто яго тут заб’е? Няхай ён прыедзе з БНД (Федэральная разведвальная служба Германіі. — БелаПАН.), з ФСБ, у суправаджэнні. Венедыктаў няхай там будзе, вядомы чалавек, давайце сюды, дайце паказанні. Цішыня. Навошта гэта трэба, Аляксей? А я вам адкажу. Заўтра прэзідэнцкія выбары (чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца да 31 жніўня 2020 года. — БелаПАН.)”.

Лукашэнка паведаміў, што даў каманду разабрацца з агучанай інфармацыяй па справе аб зніклых палітыках. „Я Следчаму камітэту, старшыні неадкладна кажу: запытайце. Калі не адкажуць, мы яго аб’явім ў вышук”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота spring96.org