Лукашэнка не задаволены выказваннямі святароў



Лукашэнку не спадабалася, што ў сеціве разгром плошчы Пераменаў назвалі сатанінскім таптаннем. Такія словы раней сказаў Сяргей Лепін, прадстаўнік праваслаўнай царквы, каментуючы дзеянні сілавікоў на месцы народнага мемарыяла ў памяць пра забітага Рамана Бандарэнку.

Лукашэнка зачытаў на сённяшняй нарадзе выказванні біскупа Касабуцкага пра тое, што “сённяшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэнне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненні да беларускага народу”, і прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы Сяргея Лепіна пра знішчэнне мемарыялаў Бандарэнкі і запатрабаваў, каб “праваахоўныя органы далі ім ацэнку”.

Лукашэнка заявіў, што ўсе кветкі з народных мемарыялаў акуратна перавезлі на могілкі, але насамрэч гэта не праўда. Кветкі амапаўцы тапталі нагамі, у тым ліку і на месцы мемарыяла ў памяць пра забітага Аляксандра Тарайкоўскага на вуліцы Пушкінскай.

Беларускае Радыё Рацыя