Лукашэнка: Непрацоўны чалавек — гэта будучы злачынец
Дэкрэт № 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства скіраваны на прафілактыку злачыннасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка на нарадзе паводле вынікаў дзейнасці праваахоўных органаў ў 2016 годзе і па пытаннях аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм.
„Гэта магутнае прафілактычнае дзеянне. Я звяртаў увагу нашага міністра ўнутраных спраў перш за ўсё на гэтую праблему. Чаму? Таму што чалавек непрацоўны (вы лепш за мяне гэта ведаеце) — гэта будучы злачынец. Павінны быць дзейсныя рычагі ўздзеяння ў плане прафілактычнай працы па недапушчэнні злачынстваў у будучыні. Гэта не толькі нашы размовы і ўгаворванні”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, праваахоўным органам „неабходна своечасова і эфектыўна адказваць на ўсе ўзніклыя рызыкі, выклікі і пагрозы бяспецы нашых грамадзян і дзяржавы”. „Тэрарыстычныя акты ў краінах Заходняй Еўропы, у тым ліку якія здзяйсняюцца радыкальна новымі спосабамі. Кібератакі на аб`екты інфраструктуры дзяржаў, патокі мігрантаў, ваенны канфлікт ва Украіне. Гэтыя фактары не могуць не закранаць інтарэсы Беларусі. Як і не могуць намі не ўлічвацца. Ужо сёння беларускае грамадства сутыкнулася з раней невядомымі злачыннымі праявамі”, — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што праблем у сферы праваахоўнай дзейнасці, на жаль, яшчэ хапае. „Перш за ўсё, у пытаннях забеспячэння належнага ўзаемадзеяння ў працэсе прафілактыкі і папярэджання правапарушэнняў, раскрыцця і расследавання злачынных дзеянняў, выключэння дублявання і фармалізму ў працы, паўнаты кампенсацыі ўрону, прычыненага злачынствамі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, згодна з яго ацэнкай, становішча ў сферы арганізацыі грамадскай бяспекі і аховы правапарадку ў цэлым стабільнае і кантраляванае. За апошнія 10 гадоў злачыннасць знізілася практычна ў два разы. Расце раскрыццё злачынстваў. Такая станоўчая дынаміка, на думку кіраўніка дзяржавы, шмат у чым абумоўленая сістэмнымі пераўтварэннямі ў праваахоўнай і судовай сферы, якія праведзеныя ў апошнія гады. Гэта стварэнне Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, утварэнне адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі пад кіраўніцтвам адзінага вышэйшага судовага органа — Вярхоўнага суда.
„У выніку гэтых пераўтварэнняў у нас сфармаваныя дакладныя сучасныя падыходы да арганізацыі дзейнасці праваахоўных органаў, размежавання іх кампетэнцыі, збалансаванасці намаганняў па забеспячэнні законнасці і правапарадку. Калі гэта не так і ёсць нейкія тут пытанні з перасячэннем функцый, хтосьці некім незадаволены або хтосьці камусьці перашкаджае працаваць, прашу на гэтую тэму выказацца і ні ў якім разе не замоўчваць праблемныя пытанні ў плане сістэмнасці, скаардынаванасці і дакладнасці дзеянняў праваахоўных органаў”, — заявіў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што праваахоўная сістэма павінна быць не толькі максімальна эфектыўнай, але і аптымальнай. „Адсутнасць дынамікі развіцця ў праваахоўнай сферы непазбежна цягне адставанне і застой. А для таго каб рухацца наперад, мы павінны на аснове сістэматычнага аналізу выяўляць існыя недахопы ў праваахоўнай сферы і аператыўна іх устараняць. Патрабаванні да працы праваахоўнай сістэмы краіны будуць павышацца — гэта для вас не сакрэт. Яна павінна быць не толькі максімальна эфектыўнай, але і аптымальнай: праваахоўны блок не можа знаходзіцца ў баку ад працэсаў, якія адбываюцца ў дзяржаўным апараце ў цэлым”, — падкрэсліў прэзідэнт.