Лукашэнка незадаволены аддачай ад працы СЭЗ



З 1 студзеня 2017 года ўмовы працы рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон істотна змяняюцца. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях функцыянавання і развіцця СЭЗ, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка

„Прынятыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза дакументы скасоўваюць некаторыя мытныя льготы. Мы вымушаныя ўлічваць гэтыя патрабаванні, — сказаў Лукашэнка. — Разам з тым у жорсткай барацьбе за інвестара нашы свабодныя эканамічныя зоны не павінны страціць канкурэнтаздольнасць на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Умовы іх функцыянавання на рынку ЕАЭС неабходна зрабіць як мінімум раўнацэннымі”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, урад падрыхтаваў на гэты конт прапановы ў выглядзе праекта ўказа, які закліканы павысіць інвестыцыйную прывабнасць СЭЗ і стымуляваць інвестыцыйную актыўнасць рэзідэнтаў.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на недастатковую аддачу ад працы СЭЗ. „Што ўвогуле дзяржава атрымлівае ад функцыянавання гэтых свабодных эканамічных зон? Наша, беларуская дзяржава, а не дзяржава, якая знаходзіцца на стадыі развіцця як „бананавая” рэспубліка, дзе заняць чалавека ў нейкай справе — гэта добра”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за год ад рэзідэнтаў СЭЗ у бюджэт пералічана грашовых сродкаў крыху больш за 200 млн даляраў. „Але больш за ўсё мяне ўразіла сярэдняя заработная плата ў свабодных эканамічных зонах, дзе кампаніі не бедныя. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў і кампаній таксама не бедныя, але зарплата там прыкладна 350 даляраў. Гэта як разумець? Што кіраўнікі гэтых кампаній акуратненька падладзіліся да сярэдняй прыкладна зарплаты па краіне і нават ніжэй і добра сябе адчуваюць”, — адзначыў Лукашэнка.

„Гэта значыць, у бюджэт — няшчасных 200 млн даляраў і зарплата ў людзей ніякая. Таму ў мяне ўзнікае пытанне: ці варта нам ваяваць на ўсіх узроўнях за гэтыя свабодныя эканамічныя зоны?” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі ўпершыню ўносіліся дакументы па стварэнні СЭЗ, была ідэя зрабіць на ўсёй тэрыторыі краіны ўмовы, як у свабоднай эканамічнай зоне. „Мелася на ўвазе даць усім прадпрыемствам роўныя ўмовы, — растлумачыў Лукашэнка. — Але тады мяне ў бок льгатавання і стварэння гэтых зон і іх функцыянавання схіліла галоўнае пытанне: нас гэтыя прадпрыемствы-рэзідэнты заваляць валютай, і ў нас ніколі не будзе праблем з курсам рубля. І што мы атрымалі на працягу доўгага функцыянавання СЭЗ?”

Няма чаканага выніку і ў плане прытоку інвестыцый, дадаў кіраўнік дзяржавы. „У гэтым годзе, як мы бачым, інвестыцый амаль няма ў свабодных эканамічных зонах”, — сказаў ён.

Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады некалькі галоўных пытанняў: якія канкрэтныя меры неабходна прыняць, каб кампенсаваць страты рэзідэнтаў СЭЗ і захаваць ім спрыяльныя ўмовы для працы? ці дазволяць гэтыя меры забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на традыцыйных рынках збыту?

Ён таксама пацікавіўся, ці дастаткова рэалізацыі ўнесеных прапаноў для таго, каб не толькі захаваць дзейныя вытворчасці, але і стымуляваць прыток новых знешніх і ўнутраных інвестыцый.

„Часу на разварушванне няма. Прынцыповыя рашэнні трэба прымаць ужо сёння, каб з 1 студзеня наступнага года рэзідэнты свабодных эканамічных зон рытмічна працавалі ў новых эканамічных умовах”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі дзейнічаюць шэсць СЭЗ: „Брэст” (заснавана ў 1996), „Гомель-Ратон” (1998), „Менск” (1998), „Віцебск” (1999), „Магілёў” (2002) і „Гроднаінвест” (2002).

Паводле звестак Белстата, на 1 кастрычніка 2016 года ў іх працавала 419 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, на якіх занята каля 124 тысяч чалавек. Сярэдні заробак там склаў 714 рублёў. Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг за студзень—верасень вырасла на 25,7% і склала 8 млрд 635,5 млн рублёў, інвестыцыі скараціліся на 20,1%, да 1 млрд. Экспарт тавараў вырас на 6,6% і склаў 2 млрд 733 млн долараў, а дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі — 742,3 млн. Чысты прыбытак СЭЗ у гэты перыяд склаў 192,2 млн рублёў супраць стратаў у 314,3 млн у студзені—верасні 2015 года.

belapan.by