Лукашэнка: Ніякай ломкі палітычнай сістэмы не будзе
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць без „ломкі палітычнай сістэмы, якая склалася”, заявіў Лукашэнка 22 чэрвеня на пятым Усебеларускім народным сходзе.
„Калі хтосьці спадзяецца пахіснуць нашу стабільнасць у перыяд такой важнай палітычнай кампаніі, як парламенцкія выбары, то гэтыя спробы трэба пакінуць у баку”, — дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што „найважнейшай умовай для развіцця эканомікі з’яўляецца палітычная стабільнасць і спакой у грамадстве, забеспячэнне непарушнасці межаў і бяспекі людзей”. „Менавіта гэтаму закліканая служыць наша ўнутраная і знешняя палітыка, — сказаў Лукашэнка. — Адразу хачу падкрэсліць: ніякай ломкі палітычнай сістэмы, якая склалася ў нас, не будзе. Як я ўжо неаднаразова казаў, ліміт рэвалюцый і катастроф народ вычарпаў ў мінулым стагоддзі, а цяпер ён хоча жыць у міры, дастатку, ствараючы, тое, а не руйнуючы свой дабрабыт і дабрабыт сваёй маладой і суверэннай дзяржавы”.
„Мы надаем вялікае значэнне таму, якім будзе новы дэпутацкі корпус, каму народ акажа свой давер”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён назваў шэраг якасцяў, якія „сфарміраваліся ў грамадзкай думцы” у адносінах да да патэнцыяльных дэпутатаў: падтрымка суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, падтрымка эвалюцыйнага шляху развіцця эканомікі для ўздыму айчынных прадпрыемстваў, прафесіяналізм, кампетэнтнасць, здольнасць вырашаць задачы, якія стаяць перад грамадствам, сумленнасць, прыстойнасць, уменне трымаць слова, чалавечнасць, спагадлівасць, даступнасць і ўменне мець зносіны „без фанабэрлівасці”. У будучага дэпутата, паводле слоў Лукашэнкі, таксама павінны быць вопыт паспяховай працы, канструктыўная праграма дзеянняў, уменне бачыць перспектыву, вылучаць галоўнае і істотнае ў чарадзе будзённых з’яў і адданасць сваёй дзяржаве і народу.
„Шчыра скажу, менавіта такіх людзей я хацеў бы бачыць у новым складзе парламента. Адказныя перад імі будуць стаяць задачы па ўдасканаленні прававой базы, развіцці супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, умацаванні пазіцый Беларусі на міжнароднай арэне”, — заявіў Лукашэнка.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.