Лукашэнка: Ніякім „плошчам” у Беларусі не бываць



Войны і канфлікты, якія адбываюцца ў свеце, не павінны перасягнуць граніцу Беларусі. Аб гэтым сёння на сустрэчы з кіруючым складам органаў унутраных спраў заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА.

„Нельга не ўлічваць, што сучасны свет імкліва змяняецца, становячыся ўсё менш бяспечным для жыцця людзей, а шэраг дзяржаў апусціўся ў бездань грамадзянскіх войнаў і міжнацыянальных канфліктаў. І гэтыя з’явы ўжо ўшчыльную падышлі да нашых граніц”, – канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя негатыўныя праявы ні ў якім разе не павінны перасягнуць граніцу Беларусі. „Гэта наша задача перад дзяржавай, абавязак перад нашымі сем’ямі, дзецьмі і ўсімі людзьмі, якія маюць патрэбу ў абароне”, – заявіў ён.

Паводле яго слоў, фактычна зонай баявых дзеянняў з’яўляюцца Блізкі Усход, Паўночная і Цэнтральная Афрыка, многія еўрапейскія краіны сталі аб’ектамі тэрарыстычных атак, а розныя каляровыя рэвалюцыі ставяць за сваю мэту дэстабілізаваць не толькі асобныя дзяржавы, але і цэлыя рэгіёны.

Нараўне з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта сустрэча не выклікана нейкімі надзвычайнымі абставінамі. „У планавым парадку я буду наведваць і наведваю розныя аб’екты, аналізую дзейнасць нашых сілавых структур. Нядаўна мы разглядалі актуальныя пытанні развіцця Узброеных Сіл Беларусі, задачы павышэння абараназдольнасці нашай дзяржавы ў цяперашніх няпростых геапалітычных умовах, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Не менш важная задача – забяспечыць правапарадак і сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу, росту злачыннасці і любой дэстабілізацыі абстаноўкі”.

„Я ўжо неаднаразова казаў, але лічу неабходным яшчэ раз падкрэсліць: ніякім „плошчам” у Беларусі не бываць”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

lukaszenka_mil150305