Лукашэнка: Новым генеральным сакратаром АДКБ будзе прадстаўнік Беларусі



Праблема з прызначэннем новага генеральнага сакратара Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы вырашана — ім будзе прадстаўнік Беларусі.

 Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў журналістам пасля завяршэння Вышэйшага еўразійскага савета 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

„Нечакана ледзь не правялі сёння пасяджэнне АДКБ. І ў прынцыпе вырашылі праблему з прызначэннем генеральнага сакратара. Беларускі прадстаўнік будзе (генеральным сакратаром АДКБ. — БелаПАН.). Як калісьці Нурсултан Абішавіч (прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў) і прасіў”, — паведаміў Лукашэнка ў каментарыі журналістам.

Запланаваны таксама ў Санкт-Пецярбургу саміт АДКБ быў адменены па просьбе Арменіі.

На сустрэчы планавалася прызначыць новага генеральнага сакратара АДКБ. У лістападзе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў выказаў меркаванне, што наступным кіраўніком АДКБ павінен стаць прадстаўнік Беларусі. Ён нагадаў, што ранейшы кіраўнік арганізацыі Юрый Хачатураў, які прадстаўляў армянскі бок, быў адкліканы, а паводле статуту АДКБ „наступнай пасля Арменіі ідзе Беларусь”.

3 снежня выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікал Пашынян паведаміў, што пытанне аб прызначэнні новага генеральнага сакратара АДКБ не будзе абмяркоўвацца на саміце. „У нас такая сітуацыя, што няма кансенсусу ў гэтым пытанні”, – сказаў ён.

Пашынян таксама меў намер запатрабаваць у Санкт-Пецярбургу тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з тым, што ён абмяркоўваў з паслом Азербайджана сітуацыю ў АДКБ.

У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

belapan.by