Лукашэнка падключае ваенных медыкаў
Сітуацыя з каронавірусам „прымусіла ўсіх больш звяртаць увагу на гігіену”, а дзяржава, у сваю чаргу „ўзварухнула ўсю сістэму аховы здароўя”, заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка падчас рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Менскай вобласці.
„Мы цяпер кантралюем і глядзім, як працуюць лекары, — сказаў ён. — Яны не адкрываць і закрываць межы павінны, а лячыць людзей. Гэта справа лекараў. А дзяржава павінна дапамагаць людзям пераадольваць гэтыя цяжкія часы. Але, з майго пункту гледжання, катастрофы ў нас ніякай няма”.
„У нас сіл і сродкаў хапае. І ложкі ёсць у запасе, і каля трох тысяч апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і наркозна-дыхальных — іх таксама можна ў крайнім выпадку выкарыстоўваць. Дай бог, прайсці гэты перыяд”, — дадаў Лукашэнка.
Разам з тым ён звярнуў увагу на тое, што „ў баку ад гэтых падзей” апынуліся ваенныя медыкі, „а сярод іх жа таксама ёсць інфекцыяністы і вірусолагі”. „У нас жа па рэспубліцы пяць-шэсць такіх бальніц, трэба іх падключыць, — сказаў Лукашэнка. — Няхай яны паглядзяць, як працуюць грамадзянскія медыкі. Калі трэба, і пракантралююць, і дапамогуць. І самае галоўнае — яны таксама будуць у гэтай тэме, навучацца”.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ўжо даў адпаведныя даручэнні кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта і дзяржсакратару Савета бяспекі.
„Мы што, думаем, што ў войску нічога ніколі не здарыцца? А не дай бог, нейкі ваенны канфлікт — яны (ваенныя медыкі. — БелаПАН.) першымі пойдуць. Таму гэта для іх пэўная вучоба, а для мяне значная дапамога і кантроль”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, „цяпер беларускія лекары спраўляюцца з сітуацыяй”, таму „прыцягваць студэнтаў-медыкаў да барацьбы з каронавірусам не плануецца”.
belapan.by