Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб дзеяннях улады ў выпадку яго гібелі



Дэкрэт аб дзеяннях органаў улады ў выпадку яго гібелі падпісаў 9 мая Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з паведамленнем прэс-службы Лукашэнкі, дэкрэт № 2 „Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу” прадугледжвае, што „ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, здзяйснення акта тэрарызму, знешняй агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеянняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Савета бяспекі, на пасяджэннях якога старшынюе прэм’ер-міністр”. На тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Саветам бяспекі вызначаецца пералік мер па іх забеспячэнні.

Рашэнні Савета бяспекі „абавязковыя для ўсіх і падлягаюць безумоўнаму выкананню”. „Асноўным пытаннем будзе пытанне правядзення выбараў. Савет бяспекі з удзелам губернатараў (маюцца на ўвазе старшыні аблвыканкамаў. — БелаПАН.) прыме рашэнне аб іх правядзенні”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дэкрэт „скіраваны на захаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны” і „ўваходзіць у сілу з моманту яго падпісання”.

Згодна з арт. 89 Канстытуцыі „ў выпадку вакансіі пасады прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення прысягі зноў абраным прэзідэнтам пераходзяць да прэм’ер-міністра”.

17 красавіка падчас рэспубліканскага суботніка Лукашэнка анансаваў падпісанне дэкрэта, які, паводле яго слоў, замацуе адно з найважнейшых рашэнняў за гады яго прэзідэнцтва.

Тыднем пазней падчас наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ён заявіў, што анансаваныя ім рашэнні будуць тычыцца выключна ўнутранай сітуацыі ў краіне і адкажуць на пытанне: „Што, калі апанентам улады ўдасца замах на прэзідэнта?”

„Скажыце, калі заўтра няма прэзідэнта, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу найбліжэйшымі днямі дэкрэт, як будзе выбудаваная ўлада ў Беларусі. Прэзідэнта застрэлілі — на заўтра Савет бяспекі будзе надзелены паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да ваеннага, калі хтосьці на мяжы заварушыцца. І Савет бяспекі павінен прымаць рашэнне, — сказаў Лукашэнка. — Таму я казаў, што падпішу гэты дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай, „калі раптам”.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што такая неабходнасць наўрад ці надыдзе, але нельга губляць пільнасць: „Я павінен прадугледзець усе. Таму будзе падпісаны гэты дэкрэт. У нас будзе фактычна калектыўны прэзідэнт у выглядзе Савета бяспекі. Так, старшыня будзе: калі няма прэзідэнта, выконвае абавязкі прэм’ер. Ён будзе старшыняваць, але ўсе рашэнні будуць прымацца таемным галасаваннем, каб не было націску. Калі будуць прэзідэнцкія выбары прызначаныя, уводзіць/не ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей — вось цывільныя і вайскоўцы ў Савеце бяспекі вырашаць”.

Лукашэнка паведаміў, што прыняць такі дэкрэт ён вырашыў даўно.

15 сакавіка Лукашэнка зацвердзіў новы склад Савета бяспекі, старшынёй якога з’яўляецца. У якасці пастаянных членаў Савета бяспекі зацверджаныя восем службовых асоб: прэм’ер-міністр (цяпер гэтую пасаду займае Раман Галоўчанка), старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (Наталля Качанава і Уладзімір Андрэйчанка), кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (Ігар Сергяенка), дзяржаўны сакратар Савета бяспекі (Аляксандр Вальфовіч), міністры ўнутраных спраў (Іван Кубракоў), абароны (Віктар Хрэнін), старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі (Іван Церцель).

Членамі Савета бяспекі, згодна з указам, з’яўляюцца старшыні Вярхоўнага суда (Валянцін Сукала), Камітэта дзяржаўнага кантролю (Васіль Герасімаў), праўлення Нацыянальнага банка (Павел Калаур), Следчага камітэта (Дзмітрый Гара), Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (Дзмітрый Пантус), Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (Анатоль Лапо), генеральны пракурор (Андрэй Швед), міністры замежных спраў (Уладзімір Макей), фінансаў (Юрый Селіверстаў), па надзвычайных сітуацыях (Вадзім Сіняўскі), начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны (Віктар Гулевіч).

Раней у склад Савета бяспекі ўваходзіў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, які быў яго памочнікам па нацыянальнай бяспецы. Зараз Віктар Лукашэнка ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт.

belapan.by