Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб СМІ



Аляксандр Лукашэнка 24 траўня падпісаў закон, які карэктуе заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, паведамляе яго прэс-служба.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прыняла законапраект аб зменах па пытаннях СМІ ў другім чытанні 16 красавіка (у першым чытанні — 2 красавіка).

Згодна з дакументам пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забароненае. У прыватнасці, уводзіцца забарона на размяшчэнне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, што адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі, праведзеных без атрымання акрэдытацыі. Не дапускаецца размяшчэнне гіперспасылак на паведамленні і матэрыялы, што ўтрымліваюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забароненае.

Генеральнаму пракурору, пракурорам абласцей і Менска даецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, скіраваныя на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці або якія ўтрымліваюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Незалежна ад часу стварэння СМІ іх заснавальнікамі не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Уводзіцца магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім ці юрыдычнай асобай, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ, парушаны ўстаноўлены парадак акрэдытацыі, альбо распаўсюджаныя звесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, альбо ўчыненае наўмыснае супрацьпраўнае дзеянне ў працэсе прафесійнай дзейнасці.

Замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога раней быў абмежаваны.

Асноўныя палажэнні закона ўваходзяць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання. Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ, не мела магчымасці ўдзельнічаць у абмеркаванні паправак.

belapan.by