Лукашэнка падпісаў указ аб адстаўцы міністраў Чорнага і Воўка



За невыкананне даручэнняў па комплексным развіцці Аршанскага раёна і неналежнае выкананне службовых абавязкаў да адказнасці прыцягнуты шэраг службовых асоб. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 16 жніўня прэс-служба кіраўніка краіны.

Анатоль Чорны і Віталь Воўк вызваленыя ад пасад міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасці адпаведна.

Строгая вымова аб’яўлена старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Алег Двігалеў папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

Указам прадпісана старшыні Віцебскага аблвыканкама вызваліць Аляксандра Пазняка ад пасады старшыні Аршанскага райвыканкама і прызначыць на гэтую пасаду Ігара Ісачанку.

14 жніўня Лукашэнка правёў нараду на тэму развіцця Аршанскага раёна. Ён даручыў унесці прапановы аб заменах ва ўрадзе, знайсці замену старшыні Аршанскага райвыканкама. Старшыні аблвыканкама Шарстнёву аб’яўлена строгая вымова „за агіднае, безадказнае стаўленне да даручанай справы”.

„На гэтым тыдні ўнесці прапановы па замене ўсяго кіраўніцтва ўрада, ўсёй вярхушкі з рэзерву кадраў, які мною сфарміраваны і ў вас знаходзіцца. Хопіць глядзець ім у рот, і яны будуць нам расказваць, як ім складана, як ім цяжка! У бухгалтэрыі зарыліся. Усіх да адзінага”, — заявіў Лукашэнка.

„Ён (Чорны. — БелаПАН.) сядзеў, не мог адрамантаваць дах, выканаўшы даручэнне прэзідэнта. Хто меў права адмяняць мае рашэнні? Прэзідэнт паставіў публічна перад народам, жалезабетонна задачу — вырашыць, і кропка. Усё трэба было кінуць сюды, каб паказаць, што прэзідэнт у краіне ёсць і ён кіруе краінай, калі ўжо на тое пайшло. А вы заняліся сабатажам”, — сказаў беларускі кіраўнік.

„Двігалеву і Засю — поўная службовая неадпаведнасць. Не паправяць да восені справу, не паведамяць мне па кожным прадпрыемстве — пойдуць туды ж. Усіх астатніх, адказных і іншых, я проста папярэджваю”, — заявіў Лукашэнка.

Чорны узначальваў Мінбудархітэктуры каля пяці гадоў. Ён быў прызначаны на пасаду міністра 15 кастрычніка 2013 года. Воўк кіраваў Мінпрамам з 27 снежня 2014 года.

belapan.by