Лукашэнка падпісаў указ пра «Год народнага адзінства»
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 1 пра абвяшчэнне 2021-га «Годам народнага адзінства».
Як гаворыцца ў паведамленні на сайце president.gov.by, «рашэнне прынятае ў мэтах кансалідацыі грамадства, згуртавання беларускага народу на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці краіны».
Згодна ўказу, Савету міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам неабходна распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні года народнага адзінства, а таксама забяспечыць каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў дзеля яго выканання.
У 2020 годзе следам за сфальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі распачаўся беспрэцэдэнтны гвалт і палітычныя рэпрэсіі. У часе пратэстаў з боку мірных дэманстрантаў былі забітыя і пакалечаныя, блізу 40 тысяч чалавек былі затрыманыя і асуджаныя, сотні застаюцца за кратамі паводле крымінальных і адміністрацыйных артыкулаў, 169 прызнаныя палітвязнямі.
Пры гэтым ніводнай справы за гібелі дэманстрантаў і гвалт сілавікоў не заведзена.
Беларускае Радыё Рацыя