Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнне пенсійнага ўзросту



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў указ №137 „Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”.

Аляксандр ЛукашэнкаАд 1 студзеня 2017 года беларусы будуць выходзіць на пенсію пазней. Кіраўнік дзяржавы павялічыў пенсійны ўзрост для мужчынаў і жанчынаў да 63 і 58 год адпаведна. Каардынатар экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч заўважае, што ўлады пайшлі на такі непапулярны ў народзе крок вымушана.

– Прычына, канешне, эканамічная. У іх не хапае сродкаў, каб выплочваць пенсію ў неабходным памеры. У звязку з гэтым трэба зрабіць так, каб колькасць людзей, якія маглі прэтэндаваць на атрыманне пенсіі, зменшылася. Адпаведна будзе прасцей забяспечыць той узровень пенсіі, які, у прынцыпе, і запланаваны.

Сам факт менавіта ўзросту, калі наступае страхавы выпадак, насамрэч мае другаснае значэнне. Перадусім важна, колькі мы будзем атрымліваць у суадносінах з тым, колькі мы цягам нашай працоўнай дзейнасці адкладвалі на гэтую пенсію.

Паводле ўказа кіраўніка дзяржавы пад нумарам 137 „Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”, у Беларусі павелічэнне пенсійнага ўзросту будзе адбывацца да 2022 года – па 6 месяцаў у год.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель