Лукашэнка падпісаў закон аб «надзвычайным становішчы»



Аляксандр Лукашэнка 15 ліпеня падпісаў закон „Аб змене законаў па пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу”, паведамляе блізкі да яго тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Дакументам вызначана, „што менавіта лічыцца беспарадкамі” пры абвяшчэнні надзвычайнай сітуацыі: спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення ўлады, узброены мяцеж, масавыя беспарадкі, міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты, якія суправаджаюцца гвалтоўнымі дзеяннямі, што ствараюць непасрэдную пагрозу жыццю і бяспецы грамадзян.

Удакладнены пералік магчымых надзвычайных мер і часовых абмежаванняў пры надзвычайнай сітуацыі, у прыватнасці „дададзеная магчымасць прыпынення выпуску і распаўсюджвання прадукцыі СМІ, асаблівы парадак акрэдытацыі журналістаў, абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў”.

Акрамя таго, „пашыранае кола сілавых органаў, якія прыцягваюцца да забеспячэння рэжыму надзвычайнага становішча, за кошт уключэння іх у лік ваенізаваных арганізацый”. Гаворка ідзе пра сілы і сродкі МНС, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

Задачы гэтых органаў і ведамстваў „дапоўненыя папярэджаннем і спыненнем беспарадкаў, забеспячэннем аховы грамадскага парадку і грамадскай бяспекі”.

„З улікам атрыманага практычнага вопыту вызначаюцца задачы Узброеных сіл (барацьба з тэрарызмам, ахова грамадскай бяспекі, спыненне масавых беспарадкаў, арганізацыя бяспекі ахоўных асоб і ахоўных аб`ектаў)”, — паведамляе тэлеграм-канал.

Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў заканадаўства аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу ў першым і другім чытаннях 17 і 25 чэрвеня адпаведна. Змены ўносіліся ў законы „Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь”, „Аб надзвычайным становішчы” і „Аб ваенным становішчы”.

„Мэтамі праекта закона з`яўляюцца: удасканаленне прававога рэгулявання дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, іх службовых асоб ва ўмовах надзвычайнага і ваеннага становішча, у тым ліку ў кантэксце правапрымяняльнай практыкі; стварэнне дадатковых умоў для папярэджання і нейтралізацыі рызык, выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы; павышэнне ролі Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь у пытаннях абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, падтрымання грамадзянскага міру і згоды ў краіне, процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму”, — паведаміла тады прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Папраўкі імплементавалі ў вышэйзгаданыя законы нормы дэкрэта № 2 ад 2 мая „Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу”, удакладнілі падставы і парадак увядзення надзвычайнага і ваеннага становішча, а таксама задачы УС Беларусі, паўнамоцтвы і сацыяльна-прававыя гарантыі вайскоўцаў, якія бяруць удзел у забеспячэнні рэжыму надзвычайнага і ваеннага становішча і інш.

belapan.by