Лукашэнка падпісаў змены ў крымінальныя кодэксы
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон „Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”. Раней гэты дакумент быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі. Ноччу тэкст закона з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Закон уводзіць новыя артыкулы ў Крымінальны кодэкс. Калі па дзеючым кодэксе прадугледжана адказнасць толькі за кіраўніцтва і стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў, то па абноўленаму — прадугледжана пакаранне і за ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях, навучанні экстрэмісцкай дзейнасці, і яе фінансаванні. Таксама ўводзіцца крымінальная адказнасць:
за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў;
за незаконныя збор і распаўсюд асабістых дадзеных;
за ўхіленне ад выплаты страхавых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ды іншыя правапарушэнні.
Акрамя таго, прадугледжана ўзмацненне адказнасці, сярод іншага, па артыкулах:
за забойства супрацоўніка міліцыі, такая ж адказнасць прадугледжана і за забойства вайскоўца;
за супраціў асобам, якія ахоўваюць грамадскі парадак,
за публічную абразу прадстаўніка ўлады альбо яго блізкіх;
за наўмыснае блякаваньне дарог, што пацягнула прычыненне значнага ўрона.
Істотна павялічаныя максімальныя тэрміны і за ўхіленне ад выплаты падаткаў: з трох да сямі гадоў за злачынства, якое прычыніла шкоду ў буйным памеры, і з сямі да 12 гадоў — у асабліва буйным.
Асноўныя палажэнні закона, падпісанага Лукашэнкам, уступяць у сілу праз тры месяцы.
Беларускае Радыё Рацыя