Лукашэнка паказаў карту баявых дзеянняў ва Украіне
Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі 1 сакавіка прадэманстраваў карту баявых дзеянняў ва Украіне. Фрагмент відэазапісу выклаў тэлеграм-канал „Пул першага”.
«Кадры з закрытай часткі пашыранага паседжання Савета бяспекі. Лукашэнка з картай і падрабязнасцямі размяшчэння баявых адзінак», – пракаментавалі ролік аўтары канала.
Аляксандр Лукашэнка расказвае, дзе былі размешчаны беларускія і расейскія войскі ўздоўж мяжы з Украінай. Паводле яго слоў, беларускія ўзмоцненыя падраздзяленні знаходзіліся ў заходняй частцы, пад Берасцем і Пінскам. На ўсходзе былі размешчаны расейскія сілы. Лукашэнка таксама паўтарыў сваё апавяданне пра нібыта размешчаныя з боку Украіны ракетныя комплексы нацэленыя на Беларусь.
Ён прадэманстраваў карту баявых дзеянняў, на якой адзначаны асноўныя напрамкі ўдараў.
На ёй можна ўбачыць, што з поўначы надыходзячыя войскі наносяць удар на Кіеў з раёна Чарнобыльскай зоны і праз Чарнігаў. Таксама мяркуецца прасоўванне ў раён Жытоміра.
З паўночнага ўсходу можна бачыць удары праз Сумы ў раёне Чаркасы-Палтава і праз Харкаў – на Днепр. З тэрыторыі Л/ДНР таксама наносіцца ўдар у раён Дняпра і ў бок Мелітопаля.
З Крыма выходзяць два ўдары: на Мелітопаль і Мікалаеў. Нарэшце, яшчэ адна стрэлка паказвае ўдар з мора па Адэсе і далей з напрамкам на Прыднястроўе.