Лукашэнка: Палякі хацелі ў нас рэвалюцыю зладзіць, а атрымалі самі



„Парадак у Мінску мы навядзем, гэта не пытанне”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка падчас кадравых прызначэнняў.

Фрагмент відэазапісу апублікаваны ў тэлеграм-канале „Пул Першага”.

„Не тая сітуацыя, хоць мы не ведаем, што яны яшчэ нам з Польшчы падкінуць, — сказаў Лукашэнка. — Яны хацелі ў нас рэвалюцыю зладзіць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Там сітуацыя няпростая, і яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі падняліся, там падняліся жанчыны, і зразумела, за што падняліся. Там падняліся сяляне, і яны ведаюць, за што падняліся. Там рабочыя падняліся, ведаюць, за што, там дзяржслужачыя”.

Паводле слоў Лукашэнкі, пратэсты жанчын у Польшчы пачаліся не з-за таго, што там забаранілі аборты. „Гэта быў спускавы кручок, — заявіў ён. — [Прэзідэнт Анджэй] Дуда перамог у Польшчы, сфальсіфікаваўшы выбары. Там нават працэнта перавагі не было. Сфальсіфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурні, і вось там гэта ўсё пачалося”.

Акрамя таго, згодна са словамі Лукашэнкі, у Польшчы назапасіліся сур’ёзныя эканамічныя праблемы. „Так, там ёсць купка багатых, але колькі там бедных! І разрыў паміж беднатой і багатымі велізарны. Гэта самае небяспечнае для любой дзяржавы. Гэта ўсё ў кучу сабралася, а далей — спускавы кручок: для сялян — пушніна, для жанчын — аборты і гэтак далей. Гэта была ўжо нагода. А там даўно ўжо рэвалюцыя спела, і я ім пра гэта казаў: не лезьце ў чужы агарод, разбярыцеся ў сябе. Не, палезлі”, — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН