Лукашэнка памілаваў абвінавачанага ў карупцыі магілёўскага чыноўніка
Былы начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Яўген Дуплеўскі, абвінавачаны ў карупцыйным злачынстве, памілаваны кіраўніком Беларусі.
У лютым 2014 года абласная пракуратура паведаміла аб распачынанні ў дачыненні да чыноўніка крымінальнай справы на падставе часткі 2 артыкула 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены паўторна або групай асоб па папярэдняй змове). Следства ўстанавіла, што Дуплеўскі на працягу чатырох вучэбных гадоў, у 2010—2013 гадах, афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў на ўмовах тэрміновага працоўнага дагавора, пры гэтым фактычна такія заняткі з вучнямі не праводзіў. У школе афармлялася фіктыўная службовая дакументацыя, якая з’явілася падставай для налічэння яму заработнай платы і ажыццяўлення абавязковых адлічэнняў у бюджэт на агульную суму каля 22 млн. рублёў. Пасля былы чыноўнік, прызнаўшы сваю віну ў крадзяжах, падаў прэзідэнту прашэнне аб памілаванні.
„Памілаваны яшчэ вясной гэтага года. Гэта значыць, што ён пакрыў урон ў двухразовым ці трохразовым памеры”, — заявіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй пракуратуры Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў.
Санкцыя артыкула, паводле якой абвінавачваўся Дуплеўскі, прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.