Аляксандр Лукашэнка памілаваў палітвязняў (абноўлена)



Былы палітвязень Мікалай Статкевіч, які выйшаў на волю ў мінулую суботу, 24 жніўня раніцай  пойдзе ў РУУС па месцы жыхарства, каб стаць на міліцэйскі ўлік. Як паведаміў Статкевіч, пакуль невядома, ці будзе над ім усталяваны прэвентыўны нагляд. Па словах былога палітвязня, пры вызваленні яму «нічога не патлумачылі па ўмовах нагляду», і цяпер гэта «трэба высвятляць».

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч і яшчэ пяцёра палітвязняў былі вызваленыя  закрытым указам Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, гэта было зроблена, «зыходзячы з прынцыпаў гуманізму».

Прыбыўшы ў Менск з Магілёва ў суботу ўвечары, Статкевіч распавёў журналістам, што не разлічваў выйсці на волю да прэзідэнцкіх выбараў. Сваё вызваленне ён звязвае з тым, што «ў рэжыма скончыліся грошы». Статкевіч падкрэсліў, што ён не прасіў Лукашэнку пра памілаванне.

4 жніўня ў інтэрв’ю недзяржаўным беларускім СМІ Лукашэнка сказаў, што калі выпускаць Статкевіча, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць.

* * *

Паэт Алесь Клышка лічыць, што вызваленне прэзідэнтам шасці палітвязняў не толькі кан’юктурны крок дзеля прызнання выбараў цывілізаваным светам, але і разуменне вышэйшым кіраўніцтвам новых рэаліяў жыцця.

Я лічу, што за апошні час гэта самая значная падзея ў палітычным і грамадскім жыцці нашай краіны. І першая рэакцыя Мікалая Статкевіч, што ён не чакаў пабачыць вольных і такіх упэўненых у сабе людзей, сведчыць пра тое, што выспела вялікая частка моладзі, якая генетычна нічога не баіцца, добра інфармаваная.

З’яўленне Статкевіча на палітычнай арэне – гэта вельмі добры і слушны сігнал усім тым, хто верыць у Беларусь.

* * *

Палітвязні на волі! Увечары, 22-га жніўня, прэзідэнцкая прэс-служба паведаміла пра вызваленне Мікалая Статкевіча ды яшчэ 5 палітвязняў. Экс-кандыдата ў прэзідэнты на Усходнім аўтавакзале ў Менску сустракаў натоўп людзей са сцягамі ды балонікамі.

08_statkevich

Кажа Мікалай Статкевіч:

– Вызваленне палітвязняў сведчыць пра тое, што ў краіне няма грошай. Гэта імітацыя нейкай дэмакратыі. І мы можам дайсці да таго, што на выбарах будуць лічыць бюлетэні. А будуць лічыць таму, што, паводле іх, будзе выходзіць наш непаўторны пераможца. Калі я сядзеў, у мяне быў варыянт зрабіць гэтыя выбары нелегітымнымі. Зараз Лукашэнка забраў яго ў мяне.

Я надалей буду працягваць тое, што і рабіў для нармальнай, вольнай Беларусі. Але цягам бліжэйшых дзён я б проста хацеў пабачыць сваіх родных і блізкіх. Застаўся тыдзень лета. Я адвык ад неба над галавой. Хачу ўсё пабачыць.

Мікалай Статкевіч запэўніў, што прашэнне пра памілаванне не падпісваў і з Беларусі з’язджаць не збіраецца.

– Увесь час, усе гэтыя гады ўнутрыкамерныя агенты заўсёды задавалі адно і тое ж пытанне: ці збіраюся я з’ехаць? Я адказваў, што не. І калі мне гэтыя пытанні ўжо надакучылі, я пачаў адказваць, што замежных моў не ведаю, таму мне няма чаго там рабіць. І мне дазволілі вывучаць англійскую мову, прыносілі нават у камеру плэер, дыскі, каб толькі вывучыў ды з’ехаў. Безумоўна, я вучыў мову. Каб паехаць ды паглядзець на якія 2 тыдні – не больш. Таму не дачакаюцца, каб з’ехаў з Беларусі.

І, безумоўна, прагучалі словы падзякі ад цяпер ужо былога палітвязня №1.

– Для мяне вельмі нечакана такая колькасць людзей. Бо 3 гадзіны, як я патэлефанаваў жонцы. Кіроўцу аўтобуса тэлефанавалі і пыталі, каго ён вязе, бо столькі людзей прыйшло сустрэць мяне. Я думаў, што тут зусім запалоханая краіна, а насамрэч усё іначай.

Хачу падзякаваць тым мужным людзям, якія кожны мой дзень народзінаў рабілі ля турмы феерверк. Я яго не бачыў, але вельмі добра чуў. Дзякуй!

Я пастаянна адчуваў падтрымку. Не было пачуцця роспачы, я не быў у дэпрэсіі – я адчуваў сябе ў працэсе. Адчуваў, што раблю нешта для Беларусі сваім фактам знаходжання ў турме. Цяпер трэба думаць, як па-новаму дапамагаць. Пакуль не прыдумаў.

Мікалая Статкевіча гайдалі на руках, задарылі кветкамі ды іншымі падарункамі. Палітыка доўга не хацелі адпускаць, кожны хацеў з ім абняцца ды паціснуць руку. Сустрэча прайшла, як сапраўднае свята.

Апроч Мікалая Статкевіча, на волі апынуліся Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юрый Рубцоў – усе асуджаныя палітвязні.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

У 22.45 пад апладысменты Мікалая Статкевіча і Марыну Адамовіч нарэшце адпусцілі дадому.

777zxcvbbn

* * *

Аўтобус з Мікалаем Статкевічам прыбыў на вакзал. Яго сустракаюць гучным воклічам: „Жыве Беларусь!” і „Герой!” На пытанне „Як здароўе?” адказаў: „Не дачакаецца!”

* * *

На Усходнім вакзале ў Менску сабралася ўжо больш за 200 чалавек, сярод тых, хто сустракае палітвязня – Марына Адамовіч, Наста і Зміцер Дашкевічы, Аляксей Янукевіч, Вольга Мікалайчык, Максім Вінярскі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, палітыкі і грамадскія актывісты, журналісты недзяржаўных СМІ. У руках сустракаючых – кветкі, бел-чырвона-белыя сцягі.

CNCHPeSWwAAEW9A

zxcvbb

На фота: Уладзімір Арлоў і Марына Адамовіч

Фота Радыё Свабода, twitter.com/Motolko і tut.by

* * *

Пракапенка Арцём паведаміў бацькам, што едзе на цягніку да Менска, паведамляе abc-belarus.org. Будзе ў 23:38 на цэнтральным чыгуначным вакзале вакзале.

Васьковіч Яўген едзе на аўтобусе да Бабруйска і будзе там у пачатку адзінаццатай вечара.

Дзядок Мікалай паведаміў бацьку, што едзе на цягніку і будзе ў Менску ў палову адзінаццатай. Ад Аліневіча Ігара пакуль ніякіх навін.

* * *

Мікалай Статкевіч едзе аўтобусам у Менск. Каля 21.50 яго можна будзе сустрэць на Усходнім вакзале.

* * *

Беларускія палітычныя вязні памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам.

Эск-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, а таксама Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка ды Юрый Рубцоў пакінуць месцы свайго зняволення. Пра гэта, як піша TUT.BY, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Пра магчымае вызваленне „да выбараў” Мікалая Статкевіча кіраўнік дзяржавы заявіў нядаўна падчас сустрэчы з журналістамі незалежных беларускіх СМІ.

Фота naviny.by