Лукашэнка – Парашэнку: Даражу адносінамі даверу і адкрытасці паміж намі
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку з Днём незалежнасці.
„Прыкметная актывізацыя беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва пацвярджае ўзаемнае імкненне нашых краін да захавання высокага ўзроўню ўзаемавыгаднага партнёрства. Даражу адносінамі даверу і адкрытасці, якія ўсталяваліся паміж намі і дазваляюць весці эфектыўны дыялог”, — гаворыцца ў віншаванні.
Афіцыйны беларускі лідар перакананы, што „паспяховая рэалізацыя сумесных праектаў адкрые для Беларусі і Украіны новыя магчымасці і будзе спрыяць росту дабрабыту брацкіх народаў”.
21 ліпеня ў Кіеве адбыліся перамовы Лукашэнкі і Парашэнкі. „Мы будзем рабіць усё, што можам, дзеля міру і стабільнасці ў роднай для нас Украіне”, — заявіў Лукашэнка пасля сустрэчы з украінскім калегам. Ён падкрэсліў, што яго пазіцыя адносна канфлікту на ўсходзе Украіны не змянілася.
Лукашэнка таксама заявіў, што ў найбліжэйшыя гады тавараабарот Беларусі і Украіны можа дасягнуць 8 млрд даляраў. Паводле яго слоў, Украіна з’яўляецца адной з прыярытэтных краін для беларускага экспарту.
