Лукашэнка паставіў задачу ўрэгуляваць рознагалоссі з Расеяй у памежнай сферы



Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі ў памежнай сферы з Расеяй. Пра гэта ён заявіў 11 студзеня на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму.

Паводле яго слоў, рацыянальныя і цалкам вытлумачальныя дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для замежнікаў выклікаюць насцярожанасць у Расеі.

„Беларуска-расейская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, „самай дзіўнай мяжы ў Еўропе”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Расейскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным”.

Ён адзначыў, што ўраду, МЗС і іншым зацікаўленым беларускім ведамствам неабходна вырашаць гэтае пытанне, не спіхваючы на кіраўніка дзяржавы. „Гэта ненармальна, калі паміж дзвюма братэрскімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой працай здымалі больш за 20 гадоў таму. Не ведаю, каму гэта трэба”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, расейскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі. „Але пра якую бяспеку можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя спісы замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут чыніцца, робіцца і таму ўводзіцца мяжа, няслушныя”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што паміж сілавымі ведамствамі Беларусі і Расеі наладжанае вельмі канструктыўнае і сістэмнае супрацоўніцтва, яны праводзяць сотні сур’ёзных і эфектыўных сумесных аперацый. „Але трэба разумець і тое, што, калі Расея ўздымае гэтае пытанне, значыць, пэўныя асцярогі існуюць, — сказаў Лукашэнка. — Трэба з расейцамі весці на гэты конт дыялог. Але закрывацца адзін ад аднаго нельга, гэта будзе дрэнны прыклад. Ні беларускі народ, ні расейцы гэта не падтрымаюць і не ацэняць”.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што трэба прадметна абмеркаваць, якія рознагалоссі захоўваюцца з расейскім бокам, якія меры неабходна распачаць, каб іх ліквідаваць. „Паралельна трэба вырашаць і пытанні рэадмісіі, бо нелегалы едуць да нас у асноўным праз Расею — пра гэта сведчыць статыстыка, — сказаў Лукашэнка. — Гэтыя пытанні трэба вырашаць канструктыўна, за сталом перамоў. На працягу 2018 года ўсе пытанні трэба зняць. І жыць нам годна, паказваючы прыклад усім у свеце, як могуць жыць дружалюбныя народы і дзяржавы”.

БелаПАН

Фота: ria.ru