Лукашэнка патаемна правёў інаўгурацыю



У Палацы Незалежнасці ў Менску 23 верасня ва ўмовах сакрэтнасці адбылася цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

„На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі сотняў чалавек, — паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. — У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту”.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь прэзідэнт уваходзіць на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: „Уступаючы на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі”.

„Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка вымавіў прысягу на беларускай мове. Затым ён падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — піша дзяржагенцтва.

Варта адзначыць, што дата інаўгурацыі Лукашэнкі не анансавалася, цырымонія праведзеная ва ўмовах сакрэтнасці.

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Згодна са звесткамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.

belapan.by